Аграгарадок
Чэрні
Чэрні на карце Беларусі ±
|
|
Чэ́рні[1] (трансліт.: Černi, руск.: Черни) — аграгарадок у Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Чэрнінскага сельсавета. Размешчаны за 9 км на паўночны ўсход ад Брэста, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Брэст-Усходні.
Цэнтр камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Маладая гвардыя».
Гісторыя
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з XVI стагоддзя як сяло — прыватная ўласнасць у Берасцейскім павеце Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пад 1577 годам пазначана як двор Чэрнік. У 1617 годзе маёмасць князя Фёдара Масальскага.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 года — у Літоўскай, з 1801 года — у Гродзенскай губернях.
У XIX стагоддзі вёска ў Брэсцкім павеце Гродзенскай губерні. Цэнтр маёнтка Чэрні, якім у 1868 годзе валодаў Ф. Ягмін. У 1877 годзе вяскоўцы пабудавалі драўляную царкву. У 1886 годзе сяло ў Косіцкай воласці, царкоўна-прыходская школа, карчма. З 1889 года працавала народнае вучылішча, у якім навучаліся 51 хлопчык і 2 дзяўчынкі. У 1890 годзе маёнткам валодаў К. Ягмін. У 1897 годзе царква, хлебазапасны магазін, царкоўна-прыходская школа.
У 1905 годзе сяло ў Косіцкай воласці Брэсцкага павета. Тут размяшчаўся ўчастак паліцэйскіх ураднікаў Мяднянскай воласці. У 1905 годзе 1370 дзесяцін зямлі належалі пані Ю. Штэрн. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польскай Рэспублікі, у Косіцкай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства.
З 1939 года ў складзе БССР. У 1940 годзе адкрыта 7-гадовая школа. У Вялікую Айчынную вайну акупанты спалілі 8 двароў; 9 вяскоўцаў загінулі на фронце. У жніўні 1950 года арганізаваны калгас «Маладая гвардыя», у які ўвайшлі 30 гаспадарак з 66. У 1969 годзе калгас ператвораны ў аднайменны саўгас. 4 верасня 1972 года да вёскі далучаны хутары Чэрні[2].
Інфраструктура
- Сярэдняя школа
- Клуб
- Бібліятэка
- Бальніца
- Аптэка
- Магазін
Насельніцтва
- 30 мужчын, 30 жанчын (1868)
- 42 двары, 257 жыхароў (1876)
- 114 жыхароў (1886)
- 30 двароў, 188 жыхароў (1897)
- 151 жыхар (1905)
- 62 двары, 371 жыхар (1921)
- 61 двор, 362 жыхары (1940)
- 510 жыхароў (1959)
- 280 жыхароў (1970)
- 618 гаспадарак, 1806 жыхароў (1997)
- 841 гаспадарка, 2303 жыхары (2005)
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Чарні́
- ↑ Рашэнне выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 4 верасня 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 27 (1365).
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0373-X.
Спасылкі
|
---|
Цэнтр | |
---|
Вёскі | |
---|