Артыкул пра арганізацыю, якую падтрымлівае рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Пра незалежнае аб’яднанне пісьменнікаў Беларусі гл. Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Саюз пісьменнікаў Беларусі (руск.: Союз писателей Беларуси) — творчая арганізацыя беларускіх празаікаў, паэтаў, журналістаў, крытыкаў і іншых дзеячаў літаратуры, якая падтрымліваецца рэжымам Лукашэнкі. Аб’ядноўвае беларускамоўных і рускамоўных аўтараў. Утвораны ў 2005 годзе каб раскалоць незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Гісторыя
Адзіны Саюз пісьменнікаў, які існаваў з 1934 года, быў расколаты ў 2005 годзе пры актыўным удзеле Мікалая Чаргінца. Праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі быў створаны на ўстаноўчым сходзе 18 лістапада 2005 года, але пераважная большасць членаў старога Саюза не пайшлі за Чаргінцом[6]. Прычынай для выхаду яны назвалі «палітызацыю СБП, яго барацьбу з уладай, якая суправаджалася шалёнай спекуляцыяй на культуры, праблеме беларускай мовы і г. д., адсутнасць дэмакратычных прынцыпаў»[7].Грамадскасць лічыла адной з прычын стварэння СПБ спробу ўлады разбурыць незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў (СБП), які ўладам не ўдалося падпарадкаваць[8].
Паколькі выкарыстанне назвы краіны ў назвах палітычных партый і грамадскіх арганізацый у Беларусі забароненае, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 верасня 2006 года выдаў указ, у якім дазволіў Саюзу пісьменнікаў ужываць у сваёй назве слова «Беларусь»[9]. Гэтым жа ўказам праўладны саюз вызвалены ад аплаты падаткаў на прыбытак і на дададзеную вартасць, а незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў пазбаўлены гэтага права. Таксама незалежны СБП быў пазбаўлены ранейшай дзяржпадтрымкі, і яго вымусілі пакінуць Дом літаратара. Саюзу пісьменнікаў Беларусі былі перададзеныя літаратурныя часопісы «Полымя», «Нёман», «Маладосць», штотыднёвая газета «Літаратура і мастацтва», заснавальнікам якіх быў СБП[10]. Пры гэтым тыражы газеты «Літаратура і мастацтва» ў 2006—2020 гадах, паводле падлікаў Міхася Скоблы, зменшыліся амаль у 10 разоў[11].
14 жніўня 2020 года, у час пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, Саюз пісьменнікаў Беларусі выдаў заяву, у якой заклікаў бакі да прымірэння[12]. Былі выказаны спадзяванні на каментарыі МУС датычна гвалту супраць пратэстоўцаў, а таксама Саюз заклікаў вызваліць мірных затрыманых[12].
Пасля пачатку палітычных рэпрэсій у саюз пачалі прымаць дзяржаўных прапагандыстаў. Так, у 2022 годзе стала вядома, што членамі саюза ёсць Андрэй Мукавозчык і Людміла Гладкая[13][14]. У гэты ж час у раздзеле афіцыйных заяў Саюза пісьменнікаў Беларусі публікуюцца заявы сяброў саюза супраць «прапаганды пасобнікаў фашыстаў», такіх як Ларыса Геніюш, Францішак Аляхновіч, Наталля Арсеннева. У гэтых жа заявах беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг параўноўваецца з фашысцкім[15]. У 2023 годзе аддзелам секцыі публіцыстыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі прызначаны кіраваць прапагандыст Андрэй Мукавозчык[16].
На 2016 год колькасць членаў Саюза складала больш за 600 чалавек[18], аб’яднаных у 6 абласных і Мінскую гарадскую арганізацыі. На 2021 г. колькасць членаў, паводле СПБ, перавысіла 700[19]. Пры СПБ створаныя секцыі прозы, паэзіі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі, сатыры і гумару, крытыкі і літаратуразнаўства, драматургіі, перакладу і славянскіх літаратур, краязнаўства, прыгод і фантастыкі[20]. Таксама заяўлялася пра творчыя клубы СПБ, секцыі пры бібліятэках, школах, ВНУ, літаратурную студыю[21]. Сярод членаў СПБ лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных прэмій, у тым ліку Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, уладальнікі ордэнаў і медалёў, дактары і кандыдаты навук[18].
Аддзяленні
На 2021 год Саюз пісьменнікаў Беларусі налічваў каля 530 членаў у 7 аддзяленнях. На 6 абласных аддзяленняў прыпадала менш за палову членаў (46 %).
Брэсцкае абласное аддзяленне. Створана 15 снежня 2005 года 13-ю пісьменнікамі. Першым старшынёй быў Анатоль Крэйдзіч. У снежні 2006 года адчынілі сядзібу ў Брэсце па праспекце Машэрава, д. 75, корп. 1. 19 снежня 2016 года старшынёй стала Таццяна Дземідовіч. З 2006 года ладзіць рэспубліканскі фэст рускай паэзіі, у рамках якога праходзіць конкурс маладых паэтаў. На 24 лютага 2021 года налічвала 51 пісьменніка[22].
Гродзенскае абласное аддзяленне. Утворана ў снежні 2005 года. Мае сядзібу ў Гродна па Савецкай вул., д. 31. Пасаду старшыні займае Людміла Кебіч. На 13 красавіка 2021 года налічвала 41 члена[24].
Гомельскае абласное аддзяленне. Створана ў лістападзе 2005 года 13-ю пісьменнікамі. У снежні 2006 года адчынілі сядзібу ў Жыткавічах па вул. К. Маркса, д. 8. У маі 2007 года стварылі сядзібу ў Гомелі па Савецкай вул., д. 126. З 2010 года сталі ладзіць міжнароднае штогадовае свята «Славянскія літаратурныя дажынкі». З 2013 года ладзяць літаратурны конкурс з уручэннем прэміі імя Кірылы Тураўскага. З 4 снежня 2016 года старшынёй з’яўляецца Уладзімір Гаўрыловіч. На 2021 год налічвала 65 пісьменніц і пісьменнікаў, з якіх большасць у Гомелі, а рэшта ў 9 з 21 раёнаў Гомельскай вобласці[25].
Мінскае абласное аддзяленне. Створана ў 2006 годзе. Першым старшынёй быў Рыгор Сакалоўскі. У 2011—2016 гадах яго ўзначальваў Алесь Карлюкевіч. У 2017—2022 гадах аддзяленне ўзначальвала Святлана Быкава. З 2022 года старшыня — празаік Леанід Крыванос. На 10 чэрвеня 2021 года налічвала 87 членаў[27]. Сядзіба размяшчаецца ў Мінску па адрасе Плошча Свабоды, д. 13, пак. 1.
Мінскае гарадское аддзяленне. Утворана 16 снежня 2005 года. Старшынёй стаў Міхась Пазнякоў. Штогод уручае маладым творцам да 30 гадоў прэмію «Адкрыццё года». У 2011 годзе распачалі выпуск кніжных серый «Бібліятэка Мінскага гарадскога аддзялення СПБ» і «Мінскія маладыя галасы». У 2016 годзе ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы заснавалі Мінскі гарадскі тэатр паэзіі. У 2017 годзе заснавалі літаратурныя прэміі ў намінацыях «Проза», «Паэзія» і «Дзіцячая літаратура». Месціцца ў Мінску па вул. Фрунзэ, д. 5. На 26 красавіка 2021 года налічвала 288 пісьменніц і пісьменнікаў, што складала звыш паловы ад усіх членаў СПБ (54 %)[28].
У канцы 2023 года ў складзе Саюза пісьменнікаў Беларусі налічвалася болей чым 700 літаратараў[29].
Крытыка
Каля 70 % членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі рускамоўныя, частка з іх адмоўна ставіцца да беларускай літаратуры, аддаючы перавагу рускай. Мікалай Чаргінец, які больш за 15 гадоў узначальваў СПБ, прынцыпова не гаварыў па-беларуску[30].
Шэраг вядомых беларускіх творцаў з цягам часу пакінулі прарэжымны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Сярод іх празаікі Андрэй Федарэнка, Алесь Наварыч, Валер Гапееў, Анатоль Казлоў, Леанід Левановіч, паэтка Раіса Баравікова і дзіцячая пісьменніца Алена Масла[8][30]. Большасць з іх працавалі ў дзяржаўных літаратурных выданнях і выдавецтвах, і ўдзел у СПБ быў умовай захавання працоўнага месца. Па меры зыходу з працы ў дзяржаўных выданнях і холдынгах яны пакінулі і саюз. Пісьменнікі, якія выйшлі з СПБ, называлі далейшае членства ў Саюзе Чаргінца несумяшчальным са сваімі маральнымі прынцыпамі[8].
Палітолаг Вольф Рубінчык крытыкаваў СПБ за тэндэнцыйна праведзенае даследаванне запатрабаванасці кніг у беларускіх бібліятэках (2019—2021)[31], а таксама за маніпуляванне з нумарацыяй з’езда 22 сакавіка 2022 года (з’езд названы 25-м, нягледзячы на тое, што папярэдні, у 2016 годзе, лічыўся 3-м). Непаслядоўнасць у нумарацыі звязваецца з тым, што ўвосень 2021 года быў фармальна ліквідаваны Саюз беларускіх пісьменнікаў, і ў СПБ вырашылі забраць тое, што «кепска ляжала» — амаль 90-гадовую гісторыю пісьменніцкай арганізацыі. Паводле Вольфа Рубінчыка, паводзіны арганізатараў з’езда ў сакавіку 2022 года можна трактаваць як марадзёрства[32].
Крыніцы
↑"Кіраўніцтва"(руск.). ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.