Будынак належаў Саюзу пісьменнікаў БССР, пасля Саюзу беларускіх пісьменнікаў. У 1997 годзе распараджэннем Прэзідэнта Беларусі А. Лукашэнкі будынак быў адабраны ў незалежнага СБП. У 2005 годзе быў створаны праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі, які заняў Дом літаратара пасля высялення з яго Саюза беларускіх пісьменнікаў у 2006 годзе[1].
У 2008—2015 гадах у будынку размяшчаўся Тэатр юнага гледача, чый будынак знаходзіўся на рэканструкцыі.
Таксама ў будынку размяшчаецца Камерны драматычны тэатр (Тэатральная майстэрня Наталлі Башавай).
Архітэктура
Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя збудавання арганізавана вакол квадратнага ў плане ўнутранага двара. Яго абмяжоўваюць двухпавярховае крыло і трохпавярховы П-падобны ў плане корпус. Галоўны фасад з боку вул. Фрунзэ двух’ярусны: 1-ы, з нішай галоўнага ўвахода, з’яўляецца асновай верхняга, вырашанага ў выглядзе пластычнай выгнутай плоскасці з рытмам вертыкальных панеляў і вузкіх аконных праёмаў. У завершы фасада квадратная ўвагнутая панель з каванай дэкаратыўнай зоркай (не захаваліся, зніклі ў 2010-х). Плаўны пластычны сілуэт бакавому фасаду надае спалучэнне акруглых і прамавугольных плоскасцей. Сцены абліцаваны светлым туфам. У мастацкім афармленні выкарыстаны вітражы (У. Стальмашонак; частка знішчана ў 2010-х), метал (Ю. Любімаў).