У тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да паўночна-ўсходняй часткі Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з сярэднедэвонскіх глін, мергеляў, даламітаў, пясчанікаў. Антрапагенавыя ўтварэнні ўключаюць адклады ўсіх ледавіковых (акрамя паазерскай) і міжледавіковых эпох. Пераважаюць дняпроўскія, сожскія марэнныя адклады, магутнасць якіх перавышае 250 м. На вяршынях узгоркаў і град марэна буравата-карычневая, лёгкасугліністая і супясчаная з вялікай колькасцю валуноў.
У рэльефе узвышша сістэма градава-ўзгорыста-ўвалістых утварэнняў спалучаецца з групамі і асобнымі купалападобнымі марэннымі і камавымі ўзгоркамі. Адносныя вышыні дасягаюць 35—50 м. На камавых участках, дзе захаваліся хвойныя лясы, а стромкасць схілаў 20—25°, рэльеф набывае гарысты характар. Паўночны схіл мае выгляд уступу вышынёй каля 50 м над Нарачана-Вілейскай нізінай. Вуглы нахілу 25—30°. Эразійная сетка ўключае даліны рэк, шматлікія лагчыны сцёку, кароткія яры. На спадзістых схілах сфарміраваліся дэлювіяльныя шлейфы.
У межах узвышша знаходзяцца вярхоўі рэк Свіслач, Уша, Заходняя Бярэзіна. Даліны і вярхоўі рэк адрозніваюцца значнай глыбінёй і распрацаваны ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі.
Асноўная частка ўзвышша значна разарана, лясная і лугавая расліннасць трапляецца мясцінамі. З поўначы на поўдзень тэрыторыю перасякае Вілейска-Мінская водная сістэма.