Спадзіста-хвалістая паверхня, месцамі плоская, вышынёю 125—140 м, на ўзгорках да 153—157 м, з адноснымі перавышэннямі 3—10 м. Слаба нахілена на поўдзень. Складзена з водна-ледавіковых адкладаў часу адступання дняпроўскага ледавіка, алювіяльных паазерскага гарызонту і сучасных алювіяльных, азёрных, балотных і інш. Вылучаюцца два ланцугі краявых ледавіковых утварэнняў (працяг Юравіцкага ўзвышша), сярод якіх трапляюцца камавыя ўзгоркі. Уздоўж паўднёвага схілу паласа пясчаных дзюн. Характэрны суфазійныя западзіны, некаторыя запоўнены вадой.
Глебы ў асноўным дзярнова-палева-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя сугліністыя, пераважна разараныя; радзей дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя супясчаныя і дзярнова-падзоліста-глеяватыя сугліністыя; у катлавінах і западзінах — тарфяна-балотныя.
Пад лесам 12% плошчы; невялікія ўчасткі кусцікава-зеленамошных лясоў. Пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі да 70%, у т.л. пад ворывам 30% тэрыторыі.