Хойніцкая нізіна — геамарфалагічны раён Палескай нізіны на паўднёвым усходзе Гомельскай вобласці.
Водна-ледавіковая раўніна з краявымі ўтварэннямі размешчана ў міжрэччы Дняпра і Прыпяці. Мяжуе з Васілевіцкай нізінай на поўначы, Камарынскай — на ўсходзе і поўдні, Лунінецкай — на захадзе. Выцягнута ў субшыротным напрамку на 60 км пры шырыні каля 20 км. Рэкі раёна транзітныя — Закованка, Віць, Брагінка.
Геалогія і рэльеф
У тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да Хобненска-Хойніцкага пахаванага выступу Прыпяцкага прагіну. Пароды крышталічнага фундамента залягаюць на глыбіні ад 1500 м (на паўночным усходзе) да 3000 м. Магутнасць антрапагенавых адкладаў у сярэднім 40-60 м, у паніжэннях дасягае 200 м.
Абсалютныя адзнакі зямной паверхні 120-165 м, найбольшыя прымеркаваны да Юравіцкага ўзвышша. Адносныя перавышэнні складаюць 3-5 м, у межах краявых ледавіковых масіваў да 10-15 м.
Самы нізкі гіпсаметрычны ўзровень у межах вышынь 125–149 м займае плоская, часам дробназападзінная і слабахвалістая, нахіленая на поўдзень водна-ледавіковая нізіна з гушчынёй расчлянення 0,2–0,3 км/км². Яна сучляняецца з Юравіцкім узвышшам і Хойніцка-Брагінскімі вышынямі, што ўяўляюць сабой краявыя ледавіковыя ўтварэнні. Сустракаюцца ўчасткі марэннай раўніны, камы і лімнакамы (на поўначы), суфазійныя западзіны, развіта сетка яроў і балак.
Глебы і расліннасць
Пашыраны дзярнова-падзолістыя глебы, радзей дзярнова-палева-падзолістыя, у катлавінах і западзінах тарфяна-балотныя.
Лясы пераважна хваёвыя, сустракаюцца шыракаліста-хваёвыя, чорнаальховыя.
Літаратура
- Бакарасов В. А. Хойникская низина // Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3 (руск.)