Лазар Маркавіч Заменгоф (пры нараджэнні Лэйзер Мордухавіч Заменгоў)[9] нарадзіўся ў Беластоку, які знаходзіўся ў той час у Расійскай імперыі, першым дзіцём у яўрэйскай сям’і настаўніка нямецкай мовы рэальнага вучылішча Мардэхая (Марка) Фабіанавіча Заменгофа[10][11] і Разаліі Шалемаўны Заменгоф (у дзявоцтве Софер)[12][13]. Марк Фабіянавіч Заменгоф публікаваў у газеце «Гацфіра» працы па філалогіі старажытнаяўрэйскай мовы, склаў вучэбныя дапаможнікі на іўрыце па яўрэйскаму веравучэнню, геаграфіі і мовазнаўству[14]. Бацькі ажаніліся ў 1858 годзе, за год да нараджэння сына. Пазней ў сям’і нарадзілася яшчэ пяцёра сыноў (Фелікс, Герш, Генрык, Ляон і Аляксандр) і пяць дачок (Фейгл (Фаня), Гітл, Сура-Двойра, Міна і Іда). У сям’і размаўлялі па-руску і на ідыш. Хлопчык яшчэ ў дзяцінстве авалодаў нямецкай і французскай мовамі, іўрытам, а падчас навучання ў Беластоцкай гімназіі — старажытнагрэчаскай і англійскай мовамі, лацінай. Магчыма, трохі валодаў іспанскай і літоўскай мовамі, а таксама валапюкам. У 1873 годзе сям’я пераехала ў Варшаву. У жніўні 1874 года Заменгоф паступіў у чацвёрты клас 2-й мужчынскай гімназіі.
Хаця большасць насельніцтва Беластока складалі размаўляўшыя на ідышяўрэі, у горадзе таксама жылі палякі, немцы і беларусы. Міжэтнічныя адносіны ў горадзе былі дастаткова напружанымі, і гэта засмучала маладога Лэйзера. Ён меркаваў, што галоўная падстава нянавісці і забабонаў была ва ўзаемным непаразуменні, выкліканым адсутнасцю адной агульнай мовы, якая б іграла ролю нейтральнага сродку зносін паміж людзьмі, якія належаць да розных народаў і гавораць на розных мовах.
Яго першы праект па стварэнню штучнай мовы, Lingwe universala, быў гатовы ў пачатку зімы 1878 года, калі Заменгоф быў яшчэ гімназістам. Падчас святкавання свайго дня нараджэння ён разам з сябрамі па гімназіі пеў песню на гэтай мове. Але Заменгоф быў у той час занадта малады, каб апублікаваць сваю працу.
Першы падручнік эсперанта Заменгоф змог выдаць дзякуючы грашовай падтрымцы з боку бацькі сваёй будучай жонкі: Клары Заменгоф (Зільбернік), з якой ён пабраўся шлюбам 9 жніўня таго ж года. Неўзабаве нарадзіліся дзеці — Адам (1888) і Сафія (1889); абое сталі ўрачамі. У 1904 нарадзілася дачка Лідзія.
Спадзяючыся знайсці лепшы заробак, Заменгоф у кастрычніку 1893 года прыехаў у Гродна[15], дзе адчыніў афтальмалагічны кабінет у доме № 4 па вуліцы Паліцэйскай. Жыллё было нанята ў жанчыны нямецкага паходжання Луізы Рахманін.
У Гродна Заменгоф не толькі меў прыватную ўрачэбную практыку, але таксама ўдзельнічаў у працы Урачэбнага Таварыства Гродзенскай губерні. Таксама быў памочнікам суддзі ў Ведамасным Судзе ў Гродна. Па даследаваннях беларускага гісторыка Ф. Ігнатовіча, Заменгоф «удзельнічаў у працэсах, вылучаўся сваёй прынцыповасцю і суровасцю».
У 1889 годзе пасаг жонкі пайшоў на развіццё эсперанта. Заменгоф пачаў займацца ўрачэбнай дзейнасцю, але на працягу доўгага часу не меў дастаткова працы (і адносна плацёжаздольных пацыентаў), каб мець дастаткова сродкаў на жыццё, таму на працягу некалькіх гадоў не займаўся эсперанта. Заменгоф пакінуў Гродна ў кастрычніку, і да 8 снежня1897 года пасяліўся ў Варшаве, у небагатым яўрэйскім квартале.
Заменгоф быў першым перакладчыкам мастацкай літаратуры з натуральных моў на эсперанта і першым паэтам на эсперанта, «яшчэ з калыскі заручыўшым эсперанта з паэзіяй». Яго вершы прасякнуты ідэямі братэрства і рэлігійнасцю.
Заменгоф стаў нефармальным лідарам эсперанта-руха, хаця ён ніколі не імкнуўся да славы ці ўлады. Эсперантысты называлі яго Маэстра, але сам Заменгоф не любіў гэты тытул і адмаўляўся заняць які-небудзь афіцыйны пост унутры эсперанта-руха. З 1895 года ён адышоў ад звязанай з эсперанта дзейнасці, да якой вярнуўся толькі ў 1902 годзе, часткова ў сувязі з кантрактам на напісанне кніг на эсперанта, падпісаным з французскім выдавецтвам «Ашэт» (Hachette).
29 ліпеня1905 года ў Францыі Заменгоф быў узнагароджаны Ордэнам Ганаровага легіёна. У тым жа годзе 5—12 жніўня ён удзельнічаў у І Сусветным кангрэсе эсперантыстаў у французскім горадзе Булонь-сюр-Мэр, пасля чаго ўдзельнічаў у працы ўсіх Сусветных кангрэсаў эсперантыстаў да 1914 года. У 1914 годзе муж і жонка Заменгоф накіраваліся ў Парыж на адкрыццё X сусветнага кангрэса эсперантыстаў, але 1 жніўня пачалася Першая сусветная вайна, і цягнік, у якім яны ехалі, спынілі каля Кёльна ў Германіі. Расійскім удзельнікам прыйшлося вяртацца на радзіму вакольным шляхам праз нейтральныя краіны. Цяжкім ударам для Заменгофа стала гібель на фронце яго малодшага брата Аляксандра 18 ліпеня1916 года.
Заменгоф памёр з-за хваробы сэрца 14 красавіка1917 года ў акупаванай нямецкім войскам Варшаве і быў пахаваны на варшаўскіх яўрэйскіх могілках.
Ідэалагічныя пошукі
У юнацтве Заменгоф імкнуўся да рускай культуры, але пасля яўрэйскіх пагромаў 1881—1882 гадоў звярнуўся да сіянізму, заклікаючы яўрэяў да агульнай эміграцыі ў якую-небудзь краіну для стварэння яўрэйскай дзяржавы. Спачатку ён думаў пра якое-небудзь месца ў Амерыцы, пасля пра Палесціну. Але ў 1885 годзе вырашыў, што мэта сіянізму — Палесціна — не з’яўляецца рэальнай: іўрыт, па яго меркаванню, з’яўляўся мёртвай мовай, нацыянальнае пачуццё сярод яўрэяў ацэньваецца памылкова, і, самае галоўнае, Палесціна будзе для яўрэйскай нацыі занадта малой: у ёй змогуць пасяліцца не больш за 2 мільёны яўрэяў. Замест гэтага бачыў будучыню ў свеце, дзе рэлігійныя і моўныя бар’еры будуць зламаныя або пераадоленыя.
Пакінуў сіянізм у 1885 годзе, потым адмовіўся ўступіць у Яўрэйскую Эсперантысцкую Асацыяцыю, лічыў, што яўрэі не павінны ствараць сваю дзяржаву, але асімілявацца з якой-небудзь нацыяй. Заменгоф звярнуўся да інтэрнацыянальнай ідэі, моўным бокам якой з’яўлялася эсперанта, а ідэалагічнай — гамаранізм.
Заменгоф жадаў, каб нацыі зніклі, каб чалавецтва мела адну агульную мову і адну веру ў «найвышэйшую істоту». Але потым ён некалькі змяніў свае погляды. Згодна з догмамі гамаранізму, кожная краіна мае нейтральнае імя (напрыклад, Пецярбургская дзяржава замест Расіі), якім карыстаецца ўсё насельніцтва краіны. Кожны карыстаецца той мовай, якой аддае перавагу, але ў дзяржаўных установах павінны карыстацца нейтральнай мовай. У адносінах да рэлігіі людзі застаюцца ў сваёй рэлігіі, калі гэтага жадаюць, але рэлігійныя догмы не павінны супярэчыць навуцы.
Нават сярод эсперантыстаў гамаранізм не меў поспеху, і зараз толькі нешматлікія называюць сябе гамараністамі. Аднадумцы пераконвалі Заменгофа, што гамаранізм можа пашкодзіць распаўсюджванню эсперанта.
У 1915 годзе Заменгоф напісаў адозву да дыпламатаў «Пасля Вялікай Вайны», дзе заклікаў прызнаць падчас перамоваў пасля Першай сусветнай вайны правы нацыянальных меншасцяў.
Імя і псеўданімы
Сапраўднае імя Заменгофа было Эліэзер, якое на ідыш мела форму Лэйзер, па-руску — Лазар. Імя Людвік ён узяў у гонар Францыса Людвіга, які апублікаваў у 1652 годзе праект штучнай мовы, пра які Заменгоф чытаў падчас вучобы ў Маскоўскім універсітэце. Ён пачаў падпісвацца Заменгоф замест Саменгоф пасля пачатку распаўсюджвання эсперанта. У канцы 19 стагоддзя, пасля таго, калі яго брат Леў Заменгоф пачаў падпісвацца «Д-р Л. Заменгоф», ён сам пачаў падпісвацца «Д-р Л. Л. Заменгоф».
Заменгоф карыстаўся шматлікімі псеўданімамі, найбольш вядомы з якіх — Доктар Эсперанта, пад якім ён апублікаваў свой праект штучнай мовы, ад якога з цягам часу утварылася назва мовы.
Іншыя псеўданімы, якія ўжываў Заменгоф — Gamzefon (Hamzefon), Hemza, Amiko, N. N., Anna N., Homo sum, Homarano, D-ro X.
Дзень нараджэння Заменгофа — 15 снежня — адзначаецца эсперантыстамі ва ўсім свеце як Zamenhofa Tago, да якога бываюць прымеркаваныя розныя мерапрыемствы — канцэрты, кніжныя выставы і г. д.
Заменгофу прысвечаныя паштовыя маркі розных краін, у тым ліку Балгарыі, Бразіліі, ГДР, Літвы, Польшчы, СССР.
У нумізматыцы
У гонар Заменгофа быў выпушчаны шэраг манет. У прыватнасці, Сусветны саюз эсперантыстаў (Ратэрдам) у 1959 годзе выдаў манеты, якія прэтэндавалі на званне «сусветных»; на рэверсе манеты з наміналам 10 стэльа была змешчана выява Заменгофа[17]. Да 120-годдзя Заменгофа ўбачыла свет манета з яго партрэтам у Польшчы (100 злотых, 1979).
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6)
Заменгоф, Лазарь Людвиг // Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. — Т. VII: Данциг — Ибн-Эзра, Иуда. — [1910]. — [10], 960 стб., 1 карт. : ил. — Стлб. 665—666.
Aleksander Korĵenkov. Homarano. Nova biografio de L. L. Zamenhof. Kuneeldonis «Sezonoj» kaj Litova Esperanto-Asocio. 2009. 320 p. (эсп.)