Замкавая гара — гарадзішча (дзядзінец), першапачатковы цэнтр старажытнага Мсціслава, на высокім правым беразе р. Віхра, узвышаецца на 20 м над узроўнем вады. Пляцоўка плошчай каля 2 га па перыметры была ўмацавана кальцавым валам, ад якога захаваўся паўднёва-ўсходні ўчастак.
Культурны пласт (3,3 м) з 3 гарызонтаў. Ніжні (0,8—0,9 м над мацерыком) склаўся з часоў існавання першапачатковага пасялення да ўзнікнення вулічных драўляных маставых. Знойдзены падвескі ў выглядзе абраза, сегнерава кола з выявай крыжа і інш., рэшткі драўляных пабудоў (самая ранняя датуецца 1204 годам). У паўночнай частцы дзяцінца ў мацерыку выяўлены могільнік першых жыхароў Мсціслава, а таксама рэшткі знішчаных пажарам пабудоў.
У сярэднім пласце па драўляных насцілах вуліц вылучаюцца адначасовыя напластаванні помніка. Выяўлены рэшткі 2 вымашчаных бярвёнамі перакрыжаваных вуліц. Старажытная маставая была пракладзена ў 1230—1240-я гады.
У верхнім пласце з-за ўмоў залягання драўляныя рэшткі не захаваліся. Заходні бок вуліцы, што ішла ў напрамку поўнач—поўдзень, быў шчыльна забудаваны клецямі, сярод якіх вылучаўся дом з падлогай і глінабітнайпеччу. На ўсходнім баку вуліцы стаяла чатырохвугольная ў плане капліца з алтаром і пахаваннямі ўнутры. Паводле раскопак найбольш інтэнсіўнае будаўніцтва ў Мсціславе прыпадае на 1260-я гг. Прасочваюцца межы двароў, абнесеных вастраколам. Выяўлены рэшткі абарончай вежы-данжона, у якой, верагодна, размяшчалася і царква. У пачатку XIV ст. пажар знішчыў большасць пабудоў у Мсціславе. Пасля аднаўлення горада змянілася яго планіроўка.
У час раскопак у 2014 годзе выяўлены дом, які, верагодна, належаў камусьці з багатых гараджан, або з’яўляўся часткай княжацкага падворка. Тут былі выяўлены невялікае прасліца з надрапанымі на ім літарамі Ѯ, А, І і Л, асколак візантыйскага куфля, распісанага золатам, крыжы-машчавікі XII — першай паловы XIII стагоддзя, рэшткі скуранога абутку, мноства жаночых упрыгажэнняў, зброя, а таксама кавалачак бяросты з прастаўленым на ёй знакам княжацкага трызубца[1][2].
Паводле пісьмовых крыніц, на дзяцінцы існавалі 2 царквы — Багародзіцы і Св. Мікалая. Ад першай захаваліся фрагменты плінфы рубяжа XII—XIII стст., рэшткамі другой з’яўляецца, відаць, выяўленая абарончая вежа-данжон. Канструкцыя апошняй дае падставу меркаваць, што цэрквы абарончага тыпу існавалі ў Беларусі раней за XV—XVI стст. (тады іх узводзілі з дрэва). Дзяцінец знішчаны ў 1654 годзе у час штурму Мсціслава рускім ваяводам А. М. Трубяцкім.