У сярэдзіне XIX ст. ўладальнікам сучаснага дома № 2 быў тытулярны саветнік Уладзіслаў Арцімовіч. У 1864 годзе Арцімовічы прадалі ўсю сваю нерухомую маёмасць разам з зямельным пляцам купцу Зельману Лур’е, які валодаў гэтым пляцам з забудовай да канца XIX стагоддзя[1].
У пачатку XX стагоддзя ўладальнікам гэтых будынкаў стаў купец 2-й гільдыі Міхель Шадхан[1].
Адначасова купец Шадхан набыў і суседні невялікі пляц з усімі пабудовамі, які ў сярэдзіне XIX стагоддзя належаў дваранцы Адэлаідзе Шаблоўскай. Яна мела невялікі аднапавярховы драўляны дом, які выходзіў на вуліцу Бернардзінскую[1].
Такім чынам, Шадхан аб’яднаў два вялікіх зямельных пляца, планіровачная структура якіх сфарміравалася яшчэ ў канцы XVI — першай палове XVII стагоддзяў[1].
У новым 3-х павярховым будынку з боку Малой Манастырскай вуліцы было змешчана 3-е Мінскае гарадское жаночае 4-х класнае вучылішча. Астатнія будынкі выкарыстоўваліся пад жыллё. Акрамя таго, у іншых будынках Шадхана знаходзіліся бакалейная лаўка, пральня, сталярныя майстэрні, склад гатовай мэблі, якая была выраблена на продаж[1].