Яфім Ісакавіч Зельманаў (нар. 7 верасня1955, Хабараўск) — савецкі і амерыканскі матэматык, лаўрэат Філдсаўскай прэміі (1994), вядомы працамі ў галіне камбінаторных праблем неасацыятыўнай алгебры і тэорыі груп, у прыватнасці доказам аслабленай гіпотэзы Бёрнсайда.
Першая спроба Зельманава абараніць кандыдацкую дысертацыю адбылася 25 кастрычніка 1980 года (навуковыя кіраўнікі Анатоль Шыршоў і Леанід Бокуць). Хоць падчас абароны істотных прэтэнзій выказана не было, Навуковая рада пад кіраўніцтвам Юрыя Яршова адхіліла заяўку. Гэта стала скандалам, Шыршоў выказаў рэзкі пратэст і нават збіраўся выйсці са складу Навуковай рады. Па словах Сямёна Кутатэладзэ, Шыршоў нават заявіў, што жыць не хоча пасля гэтай выхадкі. Паўторная абарона дысертацыі адбылася дзякуючы ўмяшанню С. Л. Собалева — ужо пасля смерці Шыршова ў 1981 годзе.
Гэтая дысертацыя ўнесла вялікі ўклад у тэорыю ёрданавых алгебр — у ёй абагульнены некаторыя ўласцівасці канечнамерных ёрданавых алгебр на выпадак бясконцамерных алгебр.
У 1980—1987 гадах Зельманаў працаваў у Інстытуце матэматыкі ў Новасібірску (малодшы навуковы супрацоўнік з 1980 года, старшы навуковы супрацоўнік з 1985 года, вядучы навуковы супрацоўнік — з 1986 года). У 1985 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. У 1987 годзе вырашыў важную праблему ў галіне алгебр Лі. У 1980-х гадах даказаў аслабленую гіпотэзу Бёрнсайда, за што пасля атрымаў Філдсаўскую прэмію.