Вучыўся ў Лейпцыгскім універсітэце (да 1572); вывучаў філасофію і тэалогію ў Рымскім калегіуме (1575—1576). У дзяцінстве выхоўваўся ў кальвінісцкім духу, у 1576 перайшоў у каталіцызм. Пры фармальным акце пераходу прысутнічаў Пётр Скарга.
Каад’ютар (памочнік-намеснік) біскупа Валерыяна Пратасевіча (1574—1579). З 1579 года біскуп віленскі, атрымаў званне кардынала (1583). Актыўна змагаўся супраць Рэфармацыі, у 1581 упершыню ўвёў у сваёй дыяцэзіі цэнзуру друку, у 1582 на ўласныя сродкі адкрыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Вільні.
У 1581 годзе падвергся вострай крытыцы з боку караля і вялікага князя Стэфана Баторыя за канфіскацыю і спаленне пратэстанскіх кніг[3].
У 1582—1584 адначасова намеснік караля (губернатар) у Інфлянтах, але гэтая пасада была яму ў цяжар.
Пасля смерці Стэфана Баторыя на элекцыйным сойме 1587 падтрымліваў прадстаўніка аўстрыйскай дынастыі Габсбургаў Максіміліяна, але абраны быў Жыгімонт III Ваза. Пасля збліжэння Жыгімонта III у 1589 з Габсбургамі ўплыў Юрыя Радзівіла пры двары зноў вырас. 3 1591 года — біскуп кракаўскі. Спрыяў шлюбу Жыгімонта III з эрцгерцагіняй з дома Габсбургаў Ганнай (1592). Адзін з бліжэйшых дарадчыкаў караля, у 1596—1597 вёў перагаворы пра далучэнне Рэчы Паспалітай да антытурэцкай каталіцкай лігі.