Выхаванец мінскай СДЮШАР-5, выступаў за розныя клубы ў Чэмпіянаце БССР. Значных дасягненняў як ігрок не меў. У 1986 годзе гуляў за казахскі «Спартак» з Сяміпалацінска. На наступны год завяршыў кар’еру іграка з-за траўмы і перайшоў на трэнерскую працу.
Трэнерская кар’ера
У 1987 годзе пачаў кар’еру трэнера ў мінскім «Спутніку». Пазней узначальваў мінскі «Прамень». У 1993—1995 гадах працаваў у Расіі.
БАТЭ
У 1996 годзе прыняў прапанову Анатоля Капскага і ўзначаліў адроджаны барысаўскі БАТЭ.
За два гады вывеў клуб у Вышэйшую лігу, а ўжо ў 1999 годзе выйграў залатыя медалі.
За сем гадоў, пакуль Пунтус узначальваў БАТЭ ў вышэйшай лізе (1998—2004) барысаўчане ніводнага разу не засталіся без медалёў.
У канцы 2004 года нечакана пакінуў БАТЭ і стаў галоўным трэнерам мінскага МТЗ-РІПА, які толькі што ледзь выратаваўся ад вылету. Але ўжо на наступны год мінчане разам з Пунтусам выйгралі Кубак Беларусі і бронзавыя медалі чэмпіянату.
У лютым 2006 года Пунтус быў прызначаны галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі, адначасова працягваў працаваць з МТЗ-РІПА. У канцы 2006 года пакінуў МТЗ-РІПА і сканцэнтраваўся на працы ў зборнай. Але асаблівых поспехаў з нацыянальнай камандай не меў і ў ліпені 2007 года, пакінуўшы зборную, вярнуўся ў МТЗ-РІПА. У 2008 годзе зноў выйграў Кубак і бронзавыя медалі.
«Дынама» Брэст
У 2009 годзе перайшоў на месца галоўнага трэнера брэсцкага «Дынама». Праводзіў амаладжэнне брэсцкай каманды, запрасіў у Брэст такіх ігракоў, як Уча Гагаладзэ і Ігар Бурко, у той жа час па яго ініцыятыве ў верасні 2010 года родны клуб пакінуў Раман Васілюк. У сезонах 2009 і 2010 брэсцкая каманда займала пятае месца ў чэмпіянаце, а старт сезона 2011 быў правалены, і ў ліпені 2011 года Пунтус быў звольнены з брэсцкага клуба.
«Смалявічы-СТІ»
Вельмі хутка Пунтус нечакана для ўсіх прыняў прапанову ўзначаліць смалявіцкі «Вігвам», які на той час замыкаў турнірную табліцу Другой лігі. Намерваўся вывесці клуб (які пазней атрымаў назву «Смалявічы-СТІ») ў Вышэйшую лігу, як некалі зрабіў з БАТЭ[1]. У сезоне 2011 здолеў падняць «Смалявічы» у сярэдзіну турнірнай табліцы, а на наступны год клуб, які ўзмацніўся перспектыўнімі маладымі ігракамі, перамог у Другой лізе і выйшаў у Першую.
У сезоне 2013 «Смалявічы-СТІ» выступалі ў Першай лізе. Каманда працягвала выступаць маладымі ігракамі, толькі ўзмацнілася вопытным Алегам Страхановічам, які працаваў пад кіраўніцтвам Пунтуса ў БАТЭ і МТЗ-РІПА. Асаблівых поспехаў клуб са Смалявічаў не меў, чаргуючы перамогі з паражэннямі, і ў выніку апынуўся ў сярэдзіне турнірнай табліцы. У кастрычніку 2013 года, пасля разгромнага паражэння да светлагорскага «Хіміка» (1:6), Пунтус падаў у адстаўку з пасады галоўнага трэнера[2].
«Славія»
У студзені 2014 года з’явілася інфармацыя аб тым, што Пунтус узначаліць мазырскую «Славію», якая страціла месца ў Вышэйшай лізе. Афіцыйна стаў галоўным трэнерам мазырскага клуба ў пачатку лютага[3]. У Мазыры здолеў сабраць маладую каманду, у якой выступаў шэраг вопытных ігракоў (сярод якіх Алег Страхновіч), значную частку футбалістаў Пунтус запрасіў са свайго былога клуба — «Смалявічаў-СТІ». У выніку «Славія» за некалькі тураў да фінішу Першай лігі гарантавала сабе вяртанне ў элітны дывізіён.
Сезон 2015 «Славія», якая ў міжсезонні ўзмацнілася ў асноўным ігракамі з Першай лігі, пачала добра і апынулася ў сярэдзіне табліцы, але ў другой палове чэмпіянату стала цярпець паражэнні і стала блізкай да зоны вылету. Пасля хатняга паражэння ад «Слуцка» (1:6) у пачатку кастрычніка Пунтус заявіў пра жаданне пакінуць пасаду галоўнага трэнера, аднак кіраўніцтва клуба прапанавала трэнеру працягнуць працу з камандай[4]. 8 лістапада Пунтус кіраваў «Славіяй» у матчы апошняга тура супраць гродзенскага «Нёмана» (1:3), тым самым стаў першым у гісторыі трэнерам, які правёў 400 матчаў у Вышэйшай лізе[5].
У снежні 2015 года стала вядома, што Пунтус застанецца галоўным трэнерам «Славіі» на наступны сезон[6]. Пасля роўнага сезона 2016, у 2017 годзе каманда апынулася ў зоне вылету, у канцы сезона апусціўшыся на перадапошняе месца. Пасля паражэння ў 29-м туры ад наваполацкага «Нафтана» (1:2) Пунтус быў адхілены ад кіравання камандай, якую да апошняга тура рыхтаваў Міхаіл Марціновіч. У выніку «Славія» страціла месца ў Вышэйшай лізе, а Пунтус па заканчэнні кантракта ў лістападзе 2017 года пакінуў пасаду галоўнага трэнера мазыран[7].
«Белшына»
У студзені 2019 года быў прызначаны галоўным трэнерам бабруйскай «Белшыны»[8]. Пад кіраўніцтвам Пунтуса бабруйскі клуб стаў адным з лідараў у Першай лізе, у сезоне 2019 каманда ўпэўнена ўтрымлівала другі радок, які забяспечваў выхад у Вышэйшую лігу.
«Тарпеда-БелАЗ»
У верасні 2019 года, пакінуўшы «Белшыну», перайшоў на пасаду галоўнага трэнера жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ»[9]. У 2020 годзе прывёў жодзінцаў да першых у гісторыі каманды бронзавых медалёў чэмпіянату Беларусі. У сезоне 2021 каманда стала выступаць горш, знаходзілася ў сярэдзіне табліцы. У ліпені 2021 года пакінуў жодзінскі клуб[10][11].
Апошнія гады
У маі 2022 года пасля адстаўкі Сяргея Кавальчука быў адным з прэтэндэнтаў на пасаду галоўнага трэнера брэсцкага «Дынама», аднак не ўзначаліў каманду. У чэрвені 2022 года было абвешчана, што Пунтус будзе кіраваць чэрвеньскім «Коласам» у матчах папярэдняга раўнда Кубка рэгіёнаў УЕФА[12]. Разам з Пунтусам «Колас» атрымаў перамогі над камандамі з Азербайджана і Казахстана і выйшаў у асноўны раўнд, на турніры асноўнага раўнда ў Турцыі таксама кіраваў «Коласам», але там беларускі клуб не здолеў прайсці далей.
У ліпені 2022 года быў прызначаны галоўным трэнерам рагачоўскага «Макслайна»[13]. Пад кіраўніцтвам Пунтуса «Макслайн» заняў чацвёртае месца ў Першай лізе і пасля перамогі ў стыкавых матчах над дзяржынскім «Арсенал» атрымаў павышенне ў Вышэйшую лігу. Аднак, неўзабаве АБФФ адмовіла рагачоўскаму клубу ў праходжанні ліцэнзавання для ўдзелу ў Вышэйшай лізе, і ў снежні 2022 года Пунтус узначаліў наваполацкі «Нафтан»[14]. Аднак пачатак сезона 2023 для каманды атрымаўся няўдалым, і пасля серыі з пяці паражэнняў запар у маі 2023 года Пунтус пакінуў пасаду[15]. У хуткім часе вярнуўся на месца галоўнага трэнера ў «Макслайн», які на той час ужо пераехаў у Віцебск[16]. У чэрвені 2024 года перайшоў на іншую пасаду ў клубе[17][18], а ў ліпені пакінуў структуру «Макслайна»[19].