Аўтар імкнуўся аб’яднаць два гістарычныя міфы шляхты Рэчы Паспалітай: польскі «сармацкі» (аб паходжанні шляхты ад сарматаў) і літоўскі «рымскі» (аб прыбыццё літоўскай шляхты з Рыма). Сумяшчэнне адбылося наступным чынам: на думку аўтара, група арыстакратыі, якая прыбыла з Рыма, сустрэлася з мясцовым сармацкім насельніцтвам і была ім асімілявана[3].
Характарызуючы вялікіх князёў літоўскіх, Стрыйкоўскі не згадзіўся з польскімі храністамі пра «нізкае» паходжанне Гедыміна як конюха Віценя. Версія пра такое паходжанне была характэрна і для лівонскіх храністаў. Таксама ён сцвярджаў, што ў Альгерда былі дзве жонкі: віцебская княжна Марыя і цвярская Ульяна. Грунтоўна падаецца аналіз знешнепалітычных акцый Вялікага Княства Літоўскага[2].
Характэрная асаблівасць помніка — наяўнасць значнай колькасці вершаваных уставак пра асобныя падзеі батальнай тэматыкі — пра бітвы з татарамі пад Клецкам у 1506 годзе, з маскоўскімі войскамі пад Оршай у 1514 годзе, пад Улай у 1564 годзе і іншыя[1][2], а таксама аўтарскія прысвячэнні розным беларуска-літоўскім мецэнатам[1].
Сваім кампіляцыйным характарам, асаблівасцямі выкладу і жанравай формы «Хроніка…» нагадвае летапісны звод, апрацаваны пад белетрыстычную гістарычную аповесць. Яна карысталася вялікай папулярнасцю і аўтарытэтам на Беларусі, Украіне і Літве, была добра вядома ў Расіі, дзе неаднаразова перакладалася[1].