У 16 ст. князі Слуцкія не займалі высокіх дзяржаўных урадаў у ВКЛ, хоць і мелі вялікія фінансавыя сродкі і неаднойчы крэдытавалі гаспадарскі скарб значнымі сумамі. Прычынай гэтаму былі змены грамадска-палітычнай сітуацыі пасля Люблінскай уніі (1569), паніжэнне значэнне вялікалітоўскай арыстакратыі наогул. Асабліва закранула Алелькавічаў, што іх не ўвялі ў Сенат Рэчы Паспалітай і не запрашалі на вальныя соймы, сенатары ад ВКЛ толькі па традыцыі працягвалі называцца панамі-радай. З адмысловага заказу Алелькавічаў вялікалітоўскія паслы на вальных соймах Рэчы Паспалітай неаднаразова выступалі з прапановамі прыняць адпаведнае рашэнне. Тэксты «Оповеданий о местце их милости княжат Слуцких в раде его королевское милости» былі ўнесены ў кнігі Метрыкі ВКЛ.
Да згасання роду ў 1592 годзе Алелькавічы-Слуцкія былі аднымі з найбагацейшых магнатаў у ВКЛ. Належалі да праваслаўнай культурна-асветнай суполкі поруч з Андрэем Курбскім, Канстанцінам Астрожскім, Рыгорам Хадкевічам, Іванам Зарэцкім і іншымі грамадскімі дзеячамі, якія арганізоўвалі праваслаўную адукацыю і кнігадрукаванне ў Заблудаве, Вільні, Астрогу. Князі Сямён і Аляксандр з апошняга мужчынскага пакалення роду перайшлі ўжо ў каталіцтва. Апошняя прадстаўніца роду, дачка Юрыя і пляменніца Сямёна і Аляксандра — Соф’я была жонкай Януша Радзівіла, пасля яе смерці спадчына Алелькавічаў-Слуцкіх перайшла да Радзівілаў.