Славянскія мовы — група роднасных моў індаеўрапейскай сям'і; распаўсюджаныя на тэрыторыі Еўропы і Азіі. Агульны лік носьбітаў каля 400 млн чалавек[1]. Адрозніваюцца вялікай ступенню блізкасці адна да адной, гэта праяўляецца ў структуры слова, ужыванні граматычных катэгорый, структуры сказа, семантыцы, сістэме рэгулярных гукавых адпаведнікаў, марфаналагічных чаргаваннях. Такая блізкасць тлумачыцца адзінствам паходжання славянскіх моў і іх працяглымі і інтэнсіўнымі кантактамі паміж сабой на ўзроўні літаратурных моў і дыялектаў.
З іншых індаеўрапейскіх моў да славянскіх бліжэй за ўсё балтыйскія мовы. Іаган Ботвідус сцвярджаў, што «Славянская мова — супольная для харватаў, далматаў, палякаў, літоўцаў, маскавітаў і русінаў»[2].