Руслан Алехна нарадзіўся 14 кастрычніка1981 года ў Бабруйску. Фёдар Васільевіч, бацька Руслана, — вайсковец, а мама, Галіна Іванаўна, — швачка на абутковай фабрыцы. У Руслана ёсць малодшы брат Юрась. Навучаўся ў музычнай школе ігры на баяне і трубе. Навучыўся граць на гітары і клавішах, пэўны час захапляўся ўдарнымі.
Скончыў Бабруйскі дзяржаўны аўтатранспартны каледж па спецыяльнасці «Арганізацыя перавозак і кіраванне рухам на аўтатранспарце». У час навучання выступаў у гурце, гарадскім ансамблі — студыі, і ў той час спяваў у рэстаране «Белая Русь». Па заканчэнні каледжа прызваны ў войска. На творчым вечары паэта Фёдара Баравога, куды запрасілі выступіць Руслана Аляхно, на яго звярнуў увагу саліст Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, заслужаны артыст Леанід Нікольскі. Ён распавёў: «Я адразу ж заўважыў у гэтым маладым хлопцы, акрамя добрага голасу, тэмбру, адну вельмі каштоўную якасць: ён спяваў, усведамляючы тое, што спявае. Гэтае разуменне, якое чытаецца ў вачах, цяпер, нажаль, сустракаецца на нашай і расійскай эстрадзе рэдка…» Так Леанід Нікольскі прывёў юнака ў Акадэмічным ансамбль песні і танца Узброеных Сіл, дзе той застаўся на чатыры гады. У час службы прымаў удзел у розных конкурсах і фестывалях. Заваяваў Гран-пры на фестывалі ваенна-патрыятычнай песні ў Расіі, быў лаўрэатам конкурсу беларускай песні і паэзіі, а таксама лаўрэатам «Залатога шлягера». У 2003 годзе на фестывалі «На перакрыжаваннях Еўропы» ён быў названы «Чыстым голасам». У Міжнародным фестывалі песні «Мальвы-2004» Руслан заняў другое месца.
Завочна скончыў эстрадна-джазавы факультэт МДУКМ (Масква). Скончыў школу эстраднага спеву ў Грэцыі.
«Народны артыст-2»
У 2004 годзе Руслан прымае ўдзел у тэлепраекце расійскага канала РТР «Народны артыст-2». Ён паспяхова прайшоў адборачны тур у Мінску, і ў Маскве, у асноўным конкурсе заняў першае месца.
Руслан падпісаў кантракт з прадзюсарскім цэнтрам FBI-Music, і ў студзені 2005 года быў зняты дэбютны кліп на песню «Необыкновенная» (бел .«Незвычайная») (трыа з А. Чумаковым і А. Панаётавым). У ліпені 2005 года адбылася прэзентацыя дэбютнага дыска Руслана «Рано или поздно…» (бел. «Рана або позна…»). У 2007 годзе на дуэт з Ірынай Дарафеевай «Сэрца зямлі маёй» быў зняты кліп.
Еўрабачанне-2008
У 2008 годзе Руслан Аляхно перамог у фінале Нацыянальнага тэлевізійнага музычнага праекта «ЕўраФэст», і атрымаў права прадстаўляць Беларусь на конкурсе песні «Еўрабачанне-2008» у Бялградзе. Руслан правёў прома-тур па краінах, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, таксама быў зняты кліп на песню «Hasta la Vista». Паводле вынікаў другога паўфіналу міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2008» (22 мая) Руслан Аляхно не ўвайшоў у дзясятку найлепшых выканаўцаў і не атрымаў пуцёўку ў фінал[3].
У час палітычнага крызісу 2020—2021 гадоў
У часе пратэстаў у Беларусі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, гвалту і беззаконня падтрымаў рэжым Аляксандра Лукашэнкі сваім удзелам у здымках кліпу «Любимую не отдают». Увосень 2020 года заявіў, што «Мая пазіцыя — за мір і дружбу з Расіяй, за мір у маёй краіне. Песня «Любимую не отдают» — пацверджанне таму». Па атрыманні вялікай порцыі крытыкі выказаў меркаванне, што наўрад ці яму ў каментарыях пішуць беларусы. «Думаю, дзесьці сядзяць людзі, скажам так, у найбліжэйшым замежжы — у Літве, Польшчы — адтуль прыходзяць такія лісты»[4]. 10 верасня 2021 года Аляксандр Лукашэнка надаў яму званне Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь[5].