У другой палове XVI ст. на гэтым месцы паўстаў Траецкі базар, які стаў адным з найбуйнейшых у Мінску. Плошча, занятая кірмашом, стала называцца Траецкай плошчай. У 1919 г. плошча была перайменаваная ў памяць аб Парыжскай камуне1871 г. Рынак існаваў да 1933 г., калі пачалося ўзвядзенне Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР па праекце архітэктара І. Р. Лангбарда. Тэатр адкрыўся ў 1938 г. Падчас вайны будынак тэатра не быў разбураны. У 1950 г. на плошчы быў разбіты дэкаратыўны сад. У 1981 г. быў адкрыты помнік Максіму Багдановічу ў гонар 90-годдзя з дня яго нараджэння.