Новая Каледонія — астраўная краіна. Большую частку яе займае востраў Новая Каледонія (16,8 тыс. км²) або, як яго яшчэ называюць Гран-Тэр (Grande Terre, літаральна «Вялікая зямля»). У яе склад таксама ўваходзяць астравы Луаятэ, архіпелаг Чэстэрфілд, архіпелаг Белеп і невялікі астравок Іль-дэ-Па.
Клімат Новай Каледоніі адзін з найбольш спрыяльных ў Меланезіі. Сярэдняя гадавая тэмпература — +23 °C — +24,5 °C. Спякотны сезон працягваецца са снежня да сакавіка, прахалодны — з ліпеня да жніўня. Гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 1000 мм на ўзбярэжжы да 4000 мм у гарах. Найменш дажджлівыя месяцы з верасня да лістапада.
Лясы займаюць прыкладна 15 % тэрыторыі. Сярод дрэваў сустракаюцца карысныя хвойныя пароды, у тым ліку каўры і новакаледонская хвоя, а таксама сваяк эўкаліпту — ніаулі. Большая частка Гран-Тэр пакрыта травой. На поўдні сустракаецца эндэмічны від мака (maquis minier).
Фаўна прадстаўлена пераважна птушкамі, у тым ліку эндэмічнай варонай, якая лічыцца адной з найразумнейшых істот у свеце пасля прыматаў і карыстаецца ў паўсядзённым жыцці самаробнымі прыладамі працы, а таксама хутканогай нялётнай птушкай кагу (Rhynochetos jubatus) і вялікім голубам (Ducula goliath). Ёсць вельмі рэдкія віды яшчарак і аманіты.
Гісторыя
Астравы былі заселеныя прыкладна 1500 гадоў да н.э. Прыкладна ў ХІ стагоддзі сюды прыбылі палінезійцы і перамяшаліся з мясцовым насельніцтвам. Новая Каледонія была адкрытая для еўрапейцаў ў 1774 годзе Джэймсам Кукам. Назва вострава мае паходжанне ад старажытнай назвы Шатландыі — Каледонія.
З 1853 года востраў перайшоў пад французскае кіраванне. З 1864 да 1894 года тут знаходзілася турэмнае паселішча, дзе адбывалі пакаранне камунары. Пад час Другой суветнай вайны тут знаходзілася база саюзных войскаў.
З 1946 года астравы атрымалі статус заморскай тэрыторыі Францыі. У 1980-х гадах пачаўся рух за атрыманне незалежнасці астравоў. У 1998 годзе Новая Каледонія атрымала поўную ўнутраную аўтаномію і сваіх прадстаўнікоў у французскім парламенце.
У 1998 годзе было падпісана Нумейскае пагадненне, паводле якой цягам 20 гадоў у Новай Каледоніі прайшлі тры рэферэндумы аб будучыні астравоў. На ўсіх трох плебісцытах жыхары выступілі супраць незалежнасці ад Францыі.
Сітуацыя абвастрылася ў маі 2024 года, калі ў Новай Каледоніі пачаліся пратэсты пасля ўнясення паправак у Канстытуцыю, якія дазволілі ўдзельнічаць у галасаваннях мігрантам, што прыбылі пасля заключэння Нумейскага пагаднення. Мірная дэманстрацыя прыхільнікаў незалежнасці, якая праходзіла ў Нумеа, перарасла ў пагромы. Былі спалены і разрабаваны сотні крам, аптэк і АЗС. Паведамляецца аб па меншай меры шасці загінулых, у тым ліку двух жандармах, а таксама сотнях пацярпелых. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон аб’явіў тут надзвычайнае становішча. Прэм’ер-міністр Габрыэль Аталь паведаміў, што на архіпелаг адпраўлены вайсковыя часці, якія возьмуць пад ахову аэрапорты і акіянскія гавані[1].
Палітыка
Новая Каледонія захоўвае значную аўтаномію, але пры гэтым залежыць ад Парыжа ў пытаннях адукацыі, абароны і атрымлівае ад яго субсідыі. Францыю тут прадстаўляе вярхоўны камісар, якога прызначае Прэзідэнт Францыі. Выканаўчая ўлада — у руках мясцовага ўрада.
Адміністрацыйны падзел
Новая Каледонія дзеліцца на 3 правінцыі, якія ў сваю чаргу дзеляцца на 33 раёны.