Выхаванец футбольнай школы «Змена» (Мінск), з 2007 года гуляў за барысаўскі БАТЭ. У сакавіку 2012 года разам з Міхаілам Гардзейчуком быў аддадзены ў арэнду ў бабруйскую «Белшыну». Пасля года ў Бабруйску, у лютым 2013 года быў арандаваны калінінградскай «Балтыкай»[3], а ў маі таго ж года быў выкуплены прыбалтыйскім клубам[4].
У чэрвені 2015 года не стаў падаўжаць кантракт з «Балтыкай». Планавалася, што Максім стане іграком саратаўскага «Сокала», але ў апошні момант пераход сарваўся[5]. Пазней стаў трэніравацца разам з мінскім «Дынама», але ў выніку клуб не стаў падпісваць кантракт з нападнікам[6]. У ліпені 2015 года прыбыў у стан жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ» і 22 ліпеня падпісаў кантракт з аўтазаводцамі[7]. У складзе жодзінцаў замацаваўся на пазіцыі цэнтральнага нападніка.
У студзені 2016 года падоўжыў пагадненне з «Тарпеда-БелАЗ»[8]. Добра правёў першую палову сезона 2016, стаўшы адным з лідараў жодзінцаў, дапамог камандзе выйграць Кубак Беларусі. У канцы чэрвеня 2016 года перайшоў у ізраільскі клуб «Хапаэль» з Кфар-Савы[9]. Аднак, замацавацца ў аснове не здолеў і ў студзені 2017 года пакінуў Ізраіль[10]. Неўзабаве пасля вяртання з Ізраіля зноў стаў іграком аўтазаводцаў[11]. У сезоне 2017 правёў за «Тарпеда-БелАЗ» усе 30 матчаў у чэмпіянаце Беларусі, забіў 9 галоў.
У снежні 2017 года вярнуўся ў БАТЭ[12]. У складзе барысаўскай каманды стаў пераважна выхадзіць на замену. У сезоне 2018 забіў 11 галоў у Вышэйшай лізе, з іх 8 пасля выхаду на замену.
У сезоне 2019 чаргаваў выхады ў стартавым складзе і на замену, з 10 галамі стаў другім бамбардзірам каманды. У верасні 2019 года падоўжыў кантракт з барысаўчанамі[13]. У сезоне 2020 стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Беларусі з 19 галамі, а таксама быў прызнаны футбалістам года Беларусі.
У ліпені 2021 года перайшоў у салігорскі «Шахцёр»[14]. У студзені 2024 года разарваў кантракт з салігорскім клубам[15] і далучыўся да «Тарпеда-БелАЗ»[16].
3 чэрвеня 2013 года дэбютаваў у нацыянальнай зборнай Беларусі ў таварыскім матчы супраць Эстоніі. Пасля 2014 года доўгі час не выклікаўся ў зборную, але ў сакавіку 2017 года зноў трапіў у каманду пасля таго, як яе ўзначаліў галоўны трэнер «Тарпеда-БелАЗ» Ігар Крывушэнка.