Выхаванец баранавіцкага футбола, распачаў кар’еру ў родным горадзе, а ў 1988 годзе перайшоў у брэсцкае «Дынама», дзе за чатыры гады забіў 36 галоў. Пасля распаду СССР некаторы час гуляў у Польшчы і Расіі. У сезоне 1993/1994 гуляў за бабруйскі «Фандак», а пасля паўгода ў самарскіх «Крылах Саветаў» перайшоў у іншы бабруйскі клуб — «Белшыну», за якую забіў 69 галоў у 100 матчах, двойчы (у сезонах 1996 і 1997) стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату. Скончыў кар’еру іграка ў 2000 годзе.
Пасля заканчэння кар’еры працаваў у «Белшыне», некаторы час быў галоўным трэнерам каманды. У 2003 годзе ўзначаліў «Баранавічы», якія вывеў у Першую лігу. У «Баранавічах» пад кіраўніцтвам бацькі пачынаў кар’еру сын Андрэя Хлебасолава, Дзмітрый. У 2008 годзе перастаў быць галоўным трэнерам, але застаўся працаваць у структуры баранавіцкага футбола ў якасці старшыні «Баранавічаў» і памочніка галоўнага трэнера.
У ліпені 2016 года, пасля зыходу з каманды Ігара Кунаша, быў прызначаны выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера[4], а ў жніўні зацверджаны на пасадзе[5]. Па заканчэнні сезона пакінуў пасаду галоўнага трэнера, аднак застаўся ў трэнерскім штабе ў якасці асістэнта.
У лютым 2019 года зноў узначаліў баранавіцкі клуб[6], аднак у сакавіку саступіў месца Дзянісу Яцыну. У верасні 2019 года, пасля звальнення Яцыны, стаў выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера да канца сезона[7]. У красавіку 2020 года быў зацверджаны галоўным трэнерам каманды[8]. Пакінуў пасаду ў лютым 2021 года[9], аднак застаўся ў трэнерскім штабе каманды.