У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Розанаў.
Леў Паўлавіч Ро́занаў (руск.: Лев Павлович Розанов; 25 (13) красавіка 1888 — 1 снежня 1959) — урач, вучоны ў галіне фізіялогіі, доктар біялагічных навук (1935), прафесар (1923).
Біяграфія
Нарадзіўся ў Маскве ў сям’і ўрача. У 1916 годзе скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў урачом у Смаленску. Прайшоў стажыроўку па фізіялогіі ў лабараторыі акадэміка І. П. Паўлава. З 1922 года працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе будучы ў званні дацэнта стварыў і ўзначаліў кафедру нармальнай фізіялогіі, на аснове якой у 1930 годзе быў створаны Мінскі медыцынскі інстытут[4]. Адначасова ў 1927—1937 гадах працаваў у Інстытуце беларускай культуры (з 1929 года — Акадэмія навук БССР). У 1927 годзе праходзіў стажыроўку у лабараторыі прафесара Э. Абдэргальдэна ў Гаазе[4].
З 1935 года Л. П. Розанаў у Ленінградзе. Працаваў у Інстытуце эксперыментальнай медыцыны, Іванаўскім сельскагаспадарчым інстытуце, Інстытуце фізічнай культуры і спорту імя П. Ф. Лесгафта, Інстытуце фізіятэрапіі і курарталогіі[4].
Пахаваны ў Санкт-Пецярбургу[4].
Навуковая і грамадская дзейнасць
Аўтар навуковых прац па пытаннях фізіялогіі стрававання, абмену рэчываў і ўмоўных рэфлексах. Упершыню ў Беларусі выкарыстаў электрамагнітную методыку вызначэння pH у біялагічных вадкасцях. Аўтар першага падручніка па фізіялогіі на беларускай мове[4].
Прымаў удзел у шэрагу з’ездаў і канферэнцый па фізіялогіі, у тым ліку XIII Міжнароднага фізіялагічнага кангрэса (1928, Бостан)[4]. У 1932 годзе арганізаваў у Мінску гарадскую канферэнцыю фізіёлагаў, біяхімікаў і фармаколагаў з удзелам выбітных вучоных СССР[4].
Сярод апублікаваных прац:
- Кароткі курс фізіялогіі чалавека для студэнтаў ВНУ, прыродазнаўцаў і дактароў — першы падручнік па фізіялогіі для вышэйшай школы на беларускай мове
- Руководство по анатомии и физиологии человека, для студентов педагогических факультетов и рабфаков, 1923;
- Об условных рефлексах, 1924;
- Пособие по определению pH, 1929.
Зноскі
Літаратура
- Розанаў Леў Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 399. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Николаева Е. И., Шишко Е. И. Научная и педагогическая деятельность профессора Л. П. Розанова: (К 75-летию со дня рождения) // Здравоохранение Белоруссии. — 1963. — № 4. — С. 73—74. (руск.)
Спасылкі