Пачала забудоўвацца ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Да 1921 года — Узнясенская, у часы Польскай Рэспублікі — Уладзіслава Стацкевіча, названай так у гонар капітана польскай арміі, які загінуў 9 лютага1919 года пры вызваленні пешаходнага моста цераз чыгуначныя пуці (знесены ў 1986 годзе) каля скрыжавання вуліц Арджанікідзэ і Камсамольскай ад немцаў. У 1920 — 30-х гадах скрыжаванне вуліц Стацкевіча і Садовай (цяпер вул. Арджанікідзэ) займалі гасцініцы і рэстараны. Тут жа размяшчаліся рэдакцыя перыядычнага выдання «Brisker Wochenblatt» і прэс-бюро «Польскага часопіса». Другі ўчастак вуліцы (ад сучасных Пушкінскай да плошчы Свабоды) быў забудаваны прыватнымі дамамі, а паміж імі стаяў драўляны двухпавярховы будынак прыватнай агульнаадукацыйнай школы А. Горскай, у якой рыхтавалі дзяцей да паступлення ў гімназію. У 1939 годзе вуліца пераназвана ў Камсамольскую, у часы нямецка-фашысцкай акупацыі — Бангофштрасэ (ням.: Вакзальная), пасля вайны зноў Камсамольская[1].
У 1970-я гады праезная частка вуліцы была пашырана, па ёй пушчаны тралейбусы[1].