Паводле пастановы ЦК КПСС і Савета Міністраў БССР ад 26 чэрвеня 1980 года, у 1988 годзе павінна была быць запушчана Мінская атамная цеплаэлектрацэнтраль[4]. Пастановай Савета Міністраў БССР ад 13 лютага 1981 года выбар пляцоўкі для будавання атамнай ЦЭЦ быў вызначаны на землях калгасаў Пухавіцкага раёна за 25 км ад мяжы Мінска[5]. 4 мая 1982 года загадам Мінэнерга СССР № 253 арганізавана Дырэкцыя будаванай Мінскай АТЭЦ. Паралельна пачалося будаўніцтва новага пасёлка. На камсамольска-моладзевай будоўлі працавала 3,5 тыс. чалавек з усяго СССР.
У пачатку 1985 года быў збудаваны першы дом (вуліца Чэпіка, 24). Пры будаванні будоўлі ўзніклі праблемы з грунтам, палі танулі ў балоце, будаўнічая тэхніка гразла. Ненадзейны тарфяны грунт даводзілася знімаць, а замест яго ўкладалі намыты пясок са штучнага возера[4].
2 лютага 1985 года ў выніку праведзенага конкурсу сярод школьнікаў указам прэзідыума ВС БССР была зацверджана назва пасёлка. У верасні 1985 года палова пасёлка фактычна была збудавана, планавалася, што другая палова будзе ўзведзеная бліжэй да тэрміну здачы станцыі. У 1986 годзе ў Дружны пасля Чарнобыльскай катастрофы эвакуіравана больш за 1200 чалавек з Прыпяці, першыя 250 сем’яў прыехалі праз некалькі месяцаў пасля аварыі[4]. У 1986 годзе былі здадзены першыя дамы.
У 1986 годзе пасёлак перададзены з Дукорскага сельсавета ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Свіслацкаму пассавету[6]. У сувязі з аварыяй у Чарнобылі, 1 ліпеня 1987 года пастановай ЦК КПСС было даручана закансерваваць будаванне станцыі.
У 1989 годзе ў Дружным былі сярэдняя школа, 2 дзіцячыя сады, дзіцячая школа мастацтваў, 2 бібліятэкі, аддзяленне сувязі, Дом культуры, лячэбны цэнтр. У 1990-я гады ў Дружным аднавілася ўзвядзенне жылых дамоў для персаналу. Для мадэрнізацыі энергасістэмы Беларусі было прыняло вырашэнне перапрафіляваць атамную электрастанцыю ў цеплаэлектрацэнтраль на арганічным паліве (Мінская ЦЭЦ-5)[7].
У 2007—2009 гадах жыхары Дружнага праводзілі грамадскую кампанію супраць будаўніцтва завода пестыцыдаў ЗАТ «Аўгуст-Бел», які адносіцца да 1-га класа небяспекі.
У 2014 годзе з’явіліся планы стварэння вакол Мінска шасці гарадоў-спадарожнікаў. У снежні 2016 года быў зацверджаны генплан, дзе Дружны планавалася дабудаваць да 2030 года і аб’яднаць з Рудзенскам і Свіслаччу ў горад з сучаснай інфраструктурай[8].
У жніўні 2020 года ў Дружным прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў[9][10][11].
22 лістапада 2021 года ў пасёлак Дружны быў перанесены цэнтр Свіслацкага сельсавета[12].
Мінская ЦЭЦ-5 ёсць горадаўтваральным прадпрыемствам, дзейнічае філія «Белэнэргабудіндустрыя». ЗАТ «Аўгуст-Бел», ТАА «Строй мантаж».
Сацыяльная сфера
Сярэдняя школа № 1, яслі-сад «Сонейка»[14], яслі-сад «Зубраня»[15], дзіцячая школа мастацтваў, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, пасялковая бібліятэка, Дом культуры. Ёсць паліклініка, пасялковая медыцынская амбулаторыя[16].
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
↑Рашэнні выканкома Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 17 лютага, 28 ліпеня і 22 верасня 1986 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1986, № 30 (1872).
Памяць: Пухавіцкі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Укл. А. А. Прановіч; Рэдкал.: А. М. Карлюкевіч і інш.. — Мінск: Беларусь, 2003. — 749 с. — ISBN 985-01-0251-9.