Васіль Дзмітрыевіч Ліцвінка (7 снежня 1941, Верхні Церабяжоў, Столінскі раён, БССР — 12 ліпеня 2007) — збіральнік і папулярызатар беларускага традыцыйнага фальклору, вучоны-фалькларыст, старшыня Саюзу фалькларыстаў Беларусі.
Біяграфія
Нарадзіўся 7 снежня 1941 года ў вёсцы Верхні Церабяжоў на Століншчыне. Пасля заканчэння сярэдняй школы выкладаў беларускую мову, літаратуру і спевы ў сямігодцы вёскі Лука на Століншчыне (1958—1960). Служыў у ваенна-марскім флоце СССР (1961—1964).
Вучыўся на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэту (1964—1970). Падчас вучобы ўзначальваў студэнцкі клуб, ладзіў канцэрты самадзейных калектываў універсітэту, гастролі вядомых вакальна-інструментальных ансамбляў ва ўніверсітэце.
У 1971 годзе стварыў на філфаку першую ва ўніверсітэце лінгафонную лабараторыю[2]. З верасня 1975 года перайшоў на выкладчыцкую работу на кафедру расійскай савецкай літаратуры філфаку, дзе выкладаў фальклор.
У 1981 годзе Васіль Ліцвінка разам з калегамі дамогся стварэння на філалагічным факультэце БДУ навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору, якой кіраваў да выхаду на пэнсію ў 2005.
1987—2003 — аўтар і вядучы тэлепраграмы «Запрашаем на вячоркі». Уваходзіў у рэдакцыйны склад газеты «Балесы Полісся» (бел.: Галасы Палесся)[3].
Абіраўся старшынёй Беларускага саюза фалькларыстаў на першым і другім з'ездах у 1992 і 1995 гадах. Віцэ-старшыня Таварыства беларускай школы. Кандыдат філалагічных навук.
Пасля выхаду на пэнсію ў 2006 планаваў стварыць у родных мясцінах на Століншчыне фальклорна-этнаграфічны цэнтр заходнепалескай традыцыйнай культуры, аднак раптоўная смерць зашкодзіла здзяйсненню планаў.
Пахаваны на могілках у роднай вёсцы.
Даследчая дзейнасць
З 1964 года займаўся збіраннем, даследаваннем рэгіянальнай спецыфікі, выданнем і папулярызацыяй фальклору, абрадава-святочнай і этнічнай культуры беларускага народа. Пераважна на Палессі фалькларыстам Ліцвінкам зроблена каля 200 тысяч тэкставых і 50 тысяч аўдыёзапісаў фальклору і матэрыялаў традыцыйнай культуры.
Падчас яго 15-гадовага супрацоўніцтва з 1987 па 2003 гады з Беларускім тэлебачаннем у рамках праграмы «Запрашаем на вячоркі» зроблены 246 відэафільмаў абрадава-святочнай культуры, сярод якіх — усе важнейшыя самабытныя фальклорна-этнаграфічныя з'явы Беларусі, а найбольшую каштоўнасць маюць святы і абрады Чарнобыльскага рэгіёна, многія з якіх знішчаны ў выніку глабальнай катастрофы.
Васіль Ліцвінка — аўтар 20 кніг і зборнікаў фальклору, больш 380 навуковых, вучэбна-метадычных і навукова-папулярных друкаваных работ.
Пад яго кіраўніцтвам навукова-даследчай лабараторыяй беларускага фальклору паспяхова выкананыя навукова-даследчыя праекты «Фальклор Беларускага Палесся», «Рэгіянальная спецыфіка беларускага фальклору», «Інтэрпрэтацыя і выкарыстанне фальклору ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ВНУ», «Фальклор запаведных і памежных з Расіяй, Украінай, Польшчай і Літвой рэгіёнаў».
У 1970-я Рыгор Шырма паскардзіўся Васілю Ліцвінку, з якім яго звязвалі сяброўскія адносіны, на недахоп часу для напісання мемуараў. Тады Ліцвінка пачаў запісваць гутаркі з маэстра на магнітафонную стужку. За некалькі гадоў назапасілася 20 кіламетраў аўдыёзапісаў. На жаль, многае з гэтых запісаў не захавалася[4]. Па выніках працы Васіль Ліцвінка падрыхтаваў зборнік артыкулаў Р. Р. Шырмы «Песня — душа народа» (1976; 2-е выд. 1993) з каментарамі, бібліяграфіяй, летапісам жыцця і творчай дзейнасці Шырмы, а ў 1984 абараніў у акадэмічным Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы кандыдацкую дысертацыю «Р. Р. Шырма — фалькларыст»[2]. Частка запісаў была апублікавана да 100-годдзя Рыгора Шырмы ў часопісе «Мастацтва» ў 1992 годзе.
Асноўныя працы
- Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Брэсцкай вобл. / (у суаўтарстве). — Мн., 1973.
- Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Гомельскай вобласці / (у суаўтарстве). — Мн., 1989.
- Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Мінскай вобласці / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн., 1995.
- Рыгор Шырма. Песня — душа народа / Васіль Ліцьвінка. — Выданне I. — Мн., 1976.
- Рыгор Шырма. Песня — душа народа / Васіль Ліцьвінка. — Выданне II. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1993. — 348 с. — ISBN 9785340010704.
- Васіль Ліцьвінка. Р. Р. Шырма — фалькларыст. Аўт. дыс. канд. філ. навук. — Мн., 1984.
- Песні партызанскай славы. / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Выданне I. — Мн., 1984.
- Песні партызанскай славы. / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Выданне II. — Мн., 1988.
- Калыханкі і забаўлянкі. / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн., 1992.
- Ліцьвінка Васіль. Край Адамаў родны… Новагародчына. — Мн., 1992. — С. 231-297. — (У зб.:Школьны літаратурны вечар.).
- Васіль Ліцьвінка. Веснавыя святы і абрады. — Мн., 1995.
- Васіль Ліцьвінка. Зімовыя святкі. — Мн., 1995.
- Васіль Ліцьвінка. Беларускі фальклор. Праграма для спецыяльнасцей Беларускай акадэміі мастацтваў. — Мн., 1997.
- Васіль Ліцьвінка. Беларускі фальклор. Праграма для навучальных устаноў культуры і адукацыі. — Роднае слова, №№7-8. — Мн., 1998.
- Спадчына маёй маці / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн., 1993.
- Ліцьвінка Васіль. Веснавыя святы і абрады. — Мн., 1995.
- Ліцьвінка Васіль. Зімовыя святкі. — Мн., 1995.
- Ліцьвінка Васіль. Святы і абрады беларусаў. — Выданне І. — Мн., 1997.
- Ліцьвінка Васіль. Святы і абрады беларусаў. — Выданне II. — Мн.: Беларусь, 1998. — 190 с. — ISBN 985-01-0055-9.
- Ліцьвінка Васіль. Святы і абрады беларусаў. — Выданне III. — Мн., 2001. — 190 с. — ISBN 985-01-0327-2.
- Праблемы ўсходнеславянскай этналінгвістыкі. Зборнік матэрыялаў Першай міжнароднай этналінгвістычнай канферэнцыі, Мінск, 25-26.ІV.2003 / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн., 2003.
- Ліцьвінка Васіль. «Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года» Яна Чачота 1842—1844 гадоў — гістарычны эпас беларусаў. — Мн., 2004. — ISBN 985—464-594-0.
- Ліцьвінка Васіль. Каляндар свят і абрадаў беларусаў, 1994—2006.
Зноскі
- ↑ а б в Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ а б Мікола Антропаў. Васіль Ліцьвінка (нявызн.)(недаступная спасылка). Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства «Загородье» (21 сакавіка 2012). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2017. Праверана 13 студзеня 2014.
- ↑ Балесы Полісся (нявызн.)(недаступная спасылка). Вытокі (21 сакавіка 2012). Архівавана з першакрыніцы 10 сакавіка 2016. Праверана 13 студзеня 2014.
- ↑ Васіль Ліцьвінка. Шырма расказвае пра сябе… // Раённыя будні. — 14 сакавіка 2012. — № 21, 9467. — С. 5.
Літаратура
Спасылкі