Perl (вымаўляецца «пе́рл») — высокаўзроўневая інтэрпрэтаваная дынамічная мова праграмавання агульнага прызначэння, створаная Лары Уолам, лінгвістам па адукацыі. Назва мовы ўяўляе сабой абрэвіятуру, якая расшыфроўваецца як Practical Extraction and Report Language — «практычная мова для вымання даных і складання справаздач»[4]. Першапачаткова абрэвіятура складалася з пяці сімвалаў і ў такім выглядзе дакладна супадала з англійскім словам pearl («жамчужына»). Але затым стала вядома, што такая мова існуе (гл. PEARL (англ.)), і літару «a» прыбралі. Талісманам мовы Perl з'яўляецца вярблюд — не занадта прыгожая, але вельмі цягавітая жывёла, здольная выконваць цяжкую працу.
Асноўнай асаблівасцю мовы лічацца яе багатыя магчымасці для працы з тэкстам, у тым ліку праца з рэгулярнымі выразамі, убудаваныя ў сінтаксіс. Perl атрымаў у спадчыну шмат уласцівасцей ад моў Сі, AWK, скрыптавых моў камандных абалонак UNIX.