Францішак Багамолец (польск.: Franciszek Bohomolec; 29 студзеня1720, Віцебшчына — 24 красавіка1784) — польскі і беларускі драматург, публіцыст, выдавец.
Біяграфічныя звесткі
Паходзіў з віцебскай шляхты. Адзін з 6 сыноў Паўла Багамольца, старосты дварэцкага, адміністратара капыльскага, усвяцкага і невельскага графства, шматкротнага пасла на вальны сойм ад віцебскай шляхты ў 1730-я гады, у шлюбе з Цадроўскай. Падчас вучобы ў Віленскай акадэміі ўступіў у ордэн езуітаў. Пасля заканчэння акадэміі настаўнічаў. У 1747—1749 гадах вывучаў багаслоўе ў Рыме. Пасля вяртання з-за мяжы ўзначаліў групоўку езуітаў, якая імкнулася да пераўтварэнняў у грамадстве і народнай асвеце. Выкладаў рыторыку ў Віленскім, з 1752 года ў Варшаўскім езуіцкіх калегіумах. У Варшаве згуртаваў вакол сябе суполку з свецкіх і духоўных прыхільнікаў рэформ, т.зв. «кузню Багамольца». Вылучаўся шматбаковай дасведчанасцю. Стала жыў у Варшаве, сябраваў з палітычнай элітай. Быў адным з заснавальнікаў польскай драматургіі (канвіктарскіх п’ес), паэтаў, прапагандыстаў адукацыі і культуры на роднай (польскай) мове. Заснаваў і рэдагаваў у Варшаве часопісы «Wiadomości Uprzywilejowane Warszawskie» («Варшаўскія прывілейныя навіны»), «Kurier Warszawski» («Варшаўскі кур’ер»).
Творчасць, выдавецкая дзейнасць
Стварыў больш за 20 камедый для школьнага тэатра («Модныя кавалеры», «Хітры гаспадар», «Польскі парыжанін» і інш.), у якіх з пазіцый памяркоўнага асветніцтва крытыкаваў норавы Рэчы Паспалітай, заганы шляхты. Яго п’есы «Добры пан» і «Жаніцьба па календары» вострасацыяльныя паводле пастаўленых у іх пытанняў. У «Добрым пане», дзе на сцэну выведзены сяляне, праводзіцца думка пра іх роўнасць са шляхтай. Складаў вершы.
Будучы паслядоўным асветнікам, Ф. Багамолец выступаў супраць засілля ў літаратуры лацінскай мовы, але дапускаў запазычанні з блізкароднасных моў, у т.л. і беларускай, ці як ён гаварыў «русінскай мовы». Збіраў беларускія прыказкі і прымаўкі, якімі хацеў дапоўніць зборнік С. Рысінскага.
Ф. Багамолец меў непасрэднае дачыненне да першай польскай оперы — «Ашчасліўленая беднасць», напісанай паводле яго лібрэта кампазітарам М. Каміньскім і пастаўленай 11 ліпеня 1778 ў Нацыянальным тэатры ў Варшаве.