Дэні Дзідро (фр.: Diderot; 5 кастрычніка1713 — 31 ліпеня1784) — французскі філосаф-асветнік, пісьменнік і мастацкі крытык, адзін з арганізатараў і рэдактараў французскай «Энцыклапедыі».
Вучыўся ў езуіцкім калегіуме. Вывучаў філасофію, гісторыю, прыродазнаўства, літаратуру, мовы. Быў прыхільнікам асветнай манархіі, выступаў з непрымірымай крытыкай феадалізму, абсалютызму, хрысціянскай рэлігіі і царквы. Пачынаў з перакладаў. У 1746 годзе выдаў свой першы арыгінальны твор «Філасофскія думкі», які за вальнадумства асуджаны парламентам да спалення. Пасля выдання «Пісьмаў пра сляпых для навучання відушчых» (1749) Д. Дзідро зняволены ў турму, адкуль яго вызвалілі аднадумцы.
Зблізіўшыся з мыслярамі тагачаснай Францыі (Вальтэрам, П. Гольбахам, К. Гельвецыям, Ж.-Ж. Русо), Д. Дзідро разам з Д’Аламберам на працягу многіх гадоў займаўся выданнем «Энцыклапедыі, ці Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (1751—1780), галоўнай справай свайго жыцця. У гэтым зборы дасягненняў еўрапейскай культуры знайшоў адлюстраванне яго асветніцкі светапогляд, які адхіляў коснасць, руціну, невуцтва дзяржаўнай улады і царквы. Некаторыя тамы «Энцыклапедыі» падвяргаліся забароне, выходзілі напоўлегальна, аднак часта перакладаліся на розныя еўрапейскія мовы. Нягледзячы на цяжкасці, Д. Дзідро выдаў 35 тамоў «Энцыклапедыі». Матэрыяльная нястача прымусілі Д. Дзідро прыняць запрашэнне расійскай імператрыцы Кацярыны II, якая хацела купіць яго бібліятэку. Жыццё ў Пецярбургу (1773—1774) адкрыла Д. Дзідро крывадушнасць «адукаванага манарха», і ён вярнуўся ў Францыю.
Апроч артыкулаў для «Энцыклапедыі», ён пісаў мастацкія творы напісаныя ў традыцыях рэалістычна-бытавога рамана («Манашка», «Пляменнік Рамо», «Жак-фаталіст і яго гаспадар»), філасофскія трактаты («Думкі пра тлумачэнне прыроды», «Размова Д'Аламбера з Дзідро», «Філасофскія прынцыпы матэрыі і руху»), мастацтвазнаўчыя і эстэтычныя даследаванні, атэістычныя памфлеты і інш.
Сродак сацыяльнага прагрэсу Д. Дзідро бачыў у свабоднай творчасці, лічыў, што ганенні на свабодную думку і культуру разбураюць грамадства, таму вялікае значэнне надаваў асвеце. Сцвярджаў, што людзі перастаюць думаць, разважаць, калі перастаюць чытаць. Сцвярджаў, што «першая мадэль мастацтва — гэта прырода» і выказваўся за тое, каб мастацтва імкнулася пераймаць прыродныя з'явы, аднак любая копія заўсёды будзе ніжэй арыгінала.
Зноскі
↑ абDenis Diderot // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.