Мацей Казімір Сарбеўскі (лацінізаванае імя Sarbievius, польск.: Maciej Kazimierz Sarbiewski, літ.: Motiejus Kazimieras Sarbievijus; 24 лютага1595, в. Сарбева, каля Плоцка, цяпер Мазавецкае ваяводства, Польшча — 2 красавіка1640, Варшава) — новалацінскі паэт, тэарэтык літаратуры і школьнага тэатра, тэолаг, філосаф.
М. Сарбеўскі — аўтар трактатаў па рыторыцы, паэтыцы і антычнай міфалогіі («Пра дасканалую паэзію», «Своеасаблівасць лірыкі», «Аб вартасцях і недахопах элегіі», «Аб трагедыі і камедыі», «Аб фігурах думкі», «Аб вытанчанасці і дасціпнасці» і інш.), якія ўвайшлі ў зборнікі: «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954), «Лекцыі па паэтыцы» (апубл. 1958), «Багі язычнікаў» (апубл. 1972, усе выдадзеныя ў Польшчы на лацінскай і ў перакладзе на польскую мову).
Засноўваючыся на працы антычных аўтараў (Арыстоцель, Платон, Гарацый, Цыцэрон) і аўтараў часоў Адраджэння (Ю. Скалігер, Я. Пантан), распрацоўваў эстэтычныя пытанні паэзіі, драматургіі, красамоўства, міфалогіі. М. Сарбеўскі развіваў прагрэсіўныя тэндэнцыі, выступаў за свабоду мастацкай творчасці. Паводле яго, паэзія не толькі пераймае тварэнні прыроды, але і паляпшае іх (прынцып ідэалізацыі). Асновай зместу паэтычнага твора лічыў фабулу. А паколькі фабула найбольш поўна раскрываецца ў эпічным жанры, то эпас уяўляўся яму вянцом паэзіі. Эпас, на думку М. Сарбеўскага, сумясціў у сабе ўсе навукі і мастацтвы, а эпічная паэма здавалася яму цэлым сусветам, народжаным фантазіяй паэта. Да недасканалых відаў паэзіі М. Сарбеўскі адносіў элегію і часткова лірыку, а эпіграму зусім выключаў з паэзіі. Гэта не перашкодзіла яму прысвяціць лірыцы вялікі трактат, у якім даследавалася своеасаблівасць лірычнай выяўленчасці і лірычны стыль. Падрабязна спыніўся ён таксама і на элегічнай паэзіі. Драматычную паэзію М. Сарбеўскі змясціў недзе пасярэдзіне паміж эпасам і лірыкай. Ён ахарактарызаваў «недасканалыя віды» паэзіі: сатыру і букалічную паэзію, байку, ідылію, панегірык, гімн і інш.
Яго трактат «Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый» прызначаўся для практычнага кіраўніцтва ў школьным тэатры Беларусі, Літвы і Польшчы таго часу. У спецыяльным трактаце Сарбеўскі выклаў тэорыю досціпу, вызначаючы яго як «адзінства згоднага і нязгоднага», сумяшчэнне гармоніі з дысгармоніяй (барочная канцэпцыя).
Арыентуючыся на антычнае мастацтва, М. Сарбеўскі ў той жа час высока ставіў творчасць Дантэ і асабліва Яна Каханоўскага. Такі падыход быў наватарскі. Яго даследаванні знаходзіліся на ўзроўні лепшых еўрапейскіх прац таго часу і зрабілі ўплыў на выкладанне гэтых навук на Беларусі і Літве.
Аўтар зборнікаў «Тры кнігі лірычных вершаў» (1625), «Чатыры кнігі лірычных вершаў» (1631), «Лясныя песні» (1637). Сумяшчаў у сваёй паэтыцы элементы Рэнесансу і барока. Вершы М. Сарбеўскага перакладзены на англійскую, нямецкую, французскую мовы Д. Набароўскім, на польскую мову — У. Сыракомлем. На беларускую мову іх перакладалі Ларыса Чарнышова, Лявон Баршчэўскі.
De virtutibus et vitiis carminis elegiaci («Пра вартасці і заганы элегіі»)
Dii gentium («Богі язычнікаў»)
Liber de Urbe et Romanis («Кніга пра Горад і рымлян»)
Выданні
Sarbiewski, Macej Kazimerz. Wykłady poetyki (Praecepta poetica) / Macej Kazimerz Sarbiewski; przeł. i oprac. Stanisław Skimina. — Wrocław-Kraków, 1958.
Sarbiewski, M.K. Bogowie pogan (Dii Gentium) / Macej Kazimerz Sarbiewski; wstęp, oprac. i prz. Krystyna Stawecka; przyg. Stanislaw Skimina, Maria Skiminowa. — Wroclaw : Instytut Badań Literackich PAN & Ossolineum, 1972.
Sarbiewski, Macej Kazimerz. Wykłady poetyki (Praecepta poetica) / Macej Kazimerz Sarbiewski; przeł. i oprac. Stanisław Skimina. — Wrocław-Kraków, 1958.
Sarbiewski, M.K. De perfecta poesi, sive Virgilius et Homerus (O poezji doskonałej czyli Wergiliusz I Homer) / Macej Kazimerz Sarbiewski; przełożył M. Plezia; opracował S. Skimina. — Wrocław, 1954.
Беларускія пераклады
Сарбеўскі М. К. Выбраная паэзія / Пер. Л. Баршчэўскага. — Мінск, 2023. (Серыя «Паэты планеты»).
↑Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. У 6 т. Т. 3. Рэфармацыя. Контррэфармацыя. Барока / аўтары тома: В. Б. Евароўскі [і інш.]; рэдкал. тома: В.Б.Евароўскі [і інш.]; Нац. акад. навук Беларусі, Iн-т філасофіі. – Мінск: Беларус. навука, 2013. – C. 188.
Літаратура
Конан У. Полацкі курс паэтыкі М. К. Сарбеўскага (1618—1627 гг.) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1972. № 1.
Конан У. На скрыжаванні братніх культур: Мацей Казімір Сарбеўскі, 1595—1640 // Вяртання маўклівая споведзь: Постаці творцаў беларускай гісторыі ў кантэксце часу. Мн., 1994.
Кісялёў Г. Літаратуразнаўства і літаратурная крытыка Беларусі: ад вытокаў да пачатку ХХ ст. // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. Т. 2. — 2-е выд. — Мн., 2010.
Mały słownik pisarzy polskich. Część pierwsza. Warszawa: Wiedza powszechna, 1966. S. 149.
Korolko, M. Sarbiewski i jego liryki / M. Korolko // M. K. Sarbiewski. Liryki oraz Droga rzymska i fragment Lechiady / przeł. T. Karyłowski TJ, oprac. M. Korolko przy współudziale J. Okonia. — Warszawa, 1980. — S. I—XX.
Langbein, Lebrecht Gotthelf. Commentatio de Mathiae Casimiri Sarbievii … vita, studiis et scriptis / Lebrecht Gotthelf Langbein. — Dresdae, 1754. — 174 p.
Markiewicz, H. Sarbiewski / H. Markiewicz // Polski słownik biograficzny. Warszawa-Kraków. — T. XXXV/2. — Zeszyt 145. — 1994. — S. 179—184.
Stawecka, K. Maciej Kazimierz Sarbiewski. Prozaik i poeta / K. Stawecka. — Lublin: Wydaw. T-wa Nauk. Katolickiego Uniw. Lubelskiego, 1989. — 199 s.
Warzawski, J. «Dramat rzymski» Macieja Kazimierza Sarbiewskiego TJ (1622—1625). Studium literacko-biograficzne / J. Warzawski. — Rzym, 1984. — 361 s.
Прыстаўка, Я. У. Моўныя сродкі досціпу ў трактаце Мацея Казіміра Сарбеўскага «De Acuto et Arguto» (Аб вастрыні і досціпе) (1619/1623) / Я. У. Прыстаўка // Веснік БДУ. Сер.4, Філалогія, журналістыка, педагогіка. — 2007. — № 1. — C. 57—64.