Fahd — егіпецкі бронетранспарцёр з колавай формулай 4x4. Створаны на базе шасі грузавіка Mercedes-Benz LAP 1117/32[1].
Апісанне
Корпус суцэльназварны сталёвы. Браня забяспечвае поўную абарону ад снарадаў калібра 7,62 мм і аскепкаў. Аўтамабіль абсталяваны кандыцыянерам. Кіроўца сядзіць у пярэдняй частцы машыны з левага боку, а камандзір — справа. Дэсантнае аддзяленне знаходзіцца ў задняй частцы корпуса. Дэсант сядзіць на індывідуальных коўшападобных сядзеннях па цэнтры машыны тварам вонкі[1].
Узбраенне мацуецца на даху. Яно звычайна складаецца з трох кулямётаў ПК альбо FN MAG[2].
БТР Fahd развівае максімальную хуткасць да 100 км/г. Сярэдняя хуткасць складае 65 км/г. Рухавік 4-тактны дызельны Mercedes-Benz Diesel OM 366 LA з вадзяным астуджэннем у 280 к.с. пры 2200 абаротах у хвіліну. Машына здольная пераадольваць схілы да 80%, бакавыя ўхілы да 30%, траншэі шырынёй да 0,8 м, вертыкальныя перашкоды вышынёй 0,5 м. Радыус павароту складае 8 м[2].
Варыянты
Выкарыстоўваецца як камандна-штабная машына, машына хуткай дапамогі, лёгкабраніраваная эвакуацыйная машына. Прымяняецца для барацьбы з масавымі беспарадкамі, мініравання і размініравання[3][4].
Таксама маюцца наступныя мадыфікацыі:
- Fahd 240. Мае больш магутны рухавік і невялікае павелічэнне броні[4]. Важыць 11,6 тоны[1][2]. Узбраенне складаецца з 20-міліметровай аўтаматычнай гарматы і супрацьтанкавай кіраванай ракеты MILAN[5].
- Fahd 240 (рамонтна-тэхнічны). Мае 2,5-тонны паваротны гідраўлічны кран, усталяваны на задняй частцы даху з тэлескапічнай стралой. Вага машыны — 13 тон, вышыня — 2,8 метра[6]. Аўтамабіль абсталёўваецца паветраным кампрэсарам, электрычным блокам, зараднай прыладай для акумулятараў, выпрабавальным блокам, шліфавальнай машынкай, камплектам для рамонту шын, камплектам радыятараў, наборам інструментаў[6].
- Fahd 280 w/ BTM-208 Turret. Абсталяваны вежай з падвойным узбраеннем, якая мае 12,7 мм альбо 7,62 мм кулямёт. Даданне вежы патрабуе трэцяга члена экіпажа, наводчыка, але гэта не ўплывае на пасажыраўмяшчальнасць. Вежа — французская BTM-208, вырабленая па ліцэнзіі французскай кампаніі SAMM. Абсталяваны прыцэльным тэлескапічным перыскопам, перыскопам з паваротным люстэркам[7].
- Fahd 280-30. Прэзентаваны ў 1990 годзе[8]. Узброены 30-мм аўтаматычнай гарматай з падвойным сілкаваннем, адзін для фугасных снарадаў, другі — для бронебойных снарадаў. Таксама мае спараны 7,62-мм кулямёт ПК і пускавую ўстаноўку СТКР[2].
- Fahd 300. Прэзентаваны на выставе EDEX 2018[9][10]. Пабудаваны на шасі Tatra. Абсталяваны турбадызельным рухавіком Cummins, развіваючы максімальную хуткасць да 105 км/г. Можа змясціць 13 вайскоўцаў, уключаючы кіроўцу, камандзіра і наводчыка. V-вобразная канструкцыя корпуса забяспечвае абарону ад мін і самаробных выбуховых прылад[9][10].
Аператары
БТР выкарыстоўваецца Алжырам[1][6], Бангладэш[11], Бурундзі[12], Буркіна-Фасо[13][14], ДР Конга[15], Егіптам[16], Іракам[17], Францыяй[14], Кувейтам, Малі[15], Аманам[18][19], Суданам[3].
Крыніцы
Спасылкі
|
---|
4 × 4 | |
---|
6 × 6 | |
---|
8 × 8 | |
---|
10 × 10 | |
---|