У VIII - X стст. з'яўлялася часткай Арабскага халіфата. Арабы заставілі падрабязныя пісьмовыя крыніцы пра насельніцтва Сінда. Яны ўзгадвалі пра існаванне некалькіх гарадоў, а таксама качавых плямён, у тым ліку бхілаў. У гэты перыяд з'явіліся першыя помнікі літаратуры на мове сіндхі.
Брытанцы захавалі памешчыцкае землеўладанне. Індустрыялізацыя ў складзе Брытанскай Індыі садзейнічала далейшаму росту гарадоў, сярод якіх асабліва вылучаўся Карачы. Гарадское насельніцтва, якое дагэтуль было пераважна мусульманскім, папаўнялася за лік мігрантаў-парсаў, сікхаў, індусаў, джайнаў. У выніку гэта прывяло да сутыкненняў паміж дробнымі гандлярамі і рабочымі-мусульманамі з іншарэлігійнай эканамічнай элітай. Сіндхская інтэлігенцыя ўдзельнічала ў руху за незалежнасць Індыі і Пакістана. У 1935 г. каланіяльная адміністрацыя вылучыла асобную правінцыю Сінд.
Пры падзеле Індыі і Пакістана на дзве асобныя дзяржавы большасць сіндхаў-індуістаў была вымушана пераехаць у Індыю, у той час як у пакістанскі Сінд мігрыравалі мусульмане з розных рэгіёнаў Індыі. Аднак у Пакістане захавалася сіндхская гарадская індуісцкая абшчына, частка сіндхаў-мусульман засталася ў Гуджараце, Раджастхане і Махараштры. У 1972 г. у Пакістане ўзнік нацыяналістычны рух за аб'яднанне сіндхаў дзвюх краін і стварэнне асобнай сіндхскай дзяржавы.
Культура
Гаспадарка
Сінд — адзін з найстаражытнейшых рэгіёнаў ірыгацыйнагаземляробства. У познім сярэднявеччы замацавалася сістэма землекарыстання, згодна якой зямля і ірыгацыйныя збудаванні належалі буйным феадальным кланам. Дробныя феадалы маглі атрымаць яе толькі ў часовае карыстанне за службу. Сяляне арэндавалі частку зямель, за што выплочвалі натуральныя падаткі і павіннасці, або выступалі ў якасці наёмных працоўных. Сяляне часцяком траплялі ў асабістую залежнасць ад феадалаў і гандляроў. Такая сістэма часткова захоўваецца ў некаторых раёнах Пакістана да нашых дзён. З пачатку XX ст. натуральныя выплаты і павіннасці замяняліся на грашовую рэнту і права выкупу сялянскага надзела.
Асноўныя земляробчыя культуры — сорга, проса, пшаніца, рыс, бабовыя, бавоўнік, алейныя, гародніна. Сорга, проса і бабовыя ўжываюцца сельскім насельніцтвам у ежу, у той час як астатнія культуры маюць таварны характар. Традыцыйныя земляробчыя прылады — драўляныя плуг, коўзанка, валакуша. Зямлю апрацоўвалі з дапамогай быкоў і буйвалаў, у пустынных раёнах — з дапамогай вярблюдаў.
Жывёлагадоўля таксама мае важны характар. Сіндхі трымаюць буйную рагатую жывёлу, вярблюдаў, коняў, авечак і коз. У дэльце Інда і на марскім ўзбярэжжы развіта рыбалоўства. Рыбаловы звычайна аб'яднаны ў асобныя рабочыя калектывы. Рыбаловы-індуісты вылучаюцца як асобная каста. На марскім узбярэжжы традыцыйна здабываюць соль.
Гарады як рамесныя і гандлёвыя цэнтры ўзніклі ўжо ў старажытнасці. У сярэднявеччы склалася развітая гарадская культура. Сіндхскія рамеснікі здаўна займаліся апрацоўкай скуры, вытворчасцю дываноў і тканін, ювелірнай справай. Да сярэдзіны XX ст. далёка за межамі Сінда былі вядомы вырабы мясцовых ганчароў. З сярэдзіны XIX ст. адбываўся працэс індустрыалізацыі, узнікнення буйных прадпрыестваў, дзе працавалі прафесійныя рабочыя. У сярэдзіне XX ст. яны складалі каля 10% ад усяго насельніцтва. Сіндхскія гандляры шмат стагоддзяў выконвалі функцыі пасрэднікаў паміж Індыяй і Блізкім Усходам. У гарадах меліся прафесійныя аб'яднанні гандляроў. У нашы дні гандаль — важная сфера эканомікі, у якую ўцягнута да чвэрці гарадскога і сельскага насельніцтва.
Жытло
Асноўны традыцыйны від паселішча ў сельскай мясцовасці — вёска. У далінах вёскі вялікія, часам налічваюць некалькі тысяч жыхароў. У горных і пустынных раёнах — малыя. Сялянскія падворкі месцяцца вельмі кампактна. Цэнтрам падворка з'яўляецца дом. У мінулым гэта была аднакамерная каркасная хаціна з плоскім дахам. Яна апляталася галлём і абмазвалася глінай. Вакол будаваўся высокі плот. У нашы дні дамы будуюць з цэглы і каменю, яны маюць некалькі пакояў. Сем'і наёмных рабочых і пастухоў часцяком жылі ў часовых паселішчах з трысняговыхшатроў. Такі тып жытла ўсё яшчэ можна сустрэць у дэльце Інда. У гарадах падворкі рамеснікаў і гандляроў звычайна нагадвалі сялянскія, аднак тут меліся фартыфікацыі, грамадскія і рэлігійныя будынкі, палацы і г. д. Для традыцыйнай сіндхскай архітэктуры характэрны аднапавярховыя жылыя пабудовы.
Вопратка
Аснову мужчынскай і жаночай вопраткі складаюць штаны і кашуля. Мужчыны апранаюць паверх кашулі камізэльку або — гэта больш характэрна для індуістаў — кароткі халат. У Сіндзе распаўсюджаны самыя розныя мужчынскія галаўныя ўборы. Жанчыны могуць апранаць паверх штаноў спадніцу, насіць хусткі і доўгія шалікі. Розніца ў веравызнанні ўплывае на нашэнне абутку. У мінулым нават прадстаўнікі заможных пластоў насельніцтва хадзілі басанож. У наш час сіндхі-мусульмане аддаюць перавагу скураному абутку, а індуісты — з тканін. Радзей сустракаецца плецены абутак накшталт лапцяў.
Кухня
Сіндхская кухня ўвабрала ў сябе кулінарныя звычаі Індыі і Заходняй Азіі. Асноўную традыцыйную ежу складаюць стравы з проса, бабовых і гародніны. У нашы дні найчасцей сустракаецца сняданак з пшанічнага хлеба, варанага рыса, падлівы і двух дадатковых страў з мяса і гародніны. Мяса і рыбу ядуць як мусульмане, так і індуісты. Але індуісты захоўваюць забарону на ўжыванне ялавічыны. Рэдкім дэлікатэсам лічыцца запечаныя карані лотасу. Найбольш папулярны напой — чай. Таксама п'юць закісленае і кіпячонае малако, узвары з садавіны.
Фальклор
Сіндхі маюць багаты фальклор. Вусная народная творчасць уключае шматлікія любоўныя і чарадзейныя казкі, легенды, байкі, мужчынскія і жаночыя песні. Песеннае мастацтва развівалася пад моцным уплывам рэлігійнай паэзіі. У гарадах і буйных вёсках папулярны вулічныя тэатральныя відовішчы, выступленні музыкантаў і факіраў.