Нарадзіўся ў сям’і небагатага шляхціца[2]. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Пінскім дваранскім вучылішчы і Мінскай гімназіі, якую скончыў са срэбным медалём[2]. Яшчэ не дасягнуўшы 16 гадоў паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, але праз актыўны удзел у студэнцкім руху прыцягнуў да сябе ўвагу царскага ахоўнага аддзялення і быў вымушаны кінуць вучобу, пайсці на вайсковую службу і вярнуцца на радзіму[1][2].
Паводле парады старэйшага брата працягнуў вучыцца ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, якую скончыў у 1861 годзе з залатым медалём. Імя Свянціцкага як найлепшага выпускніка было занесена на мармуровую дошку канферэнц-залы акадэміі, а сам ён быў пакінуты для падрыхтоўкі да навуковай і педагагічнай дзейнасці. Праз тры гады Сігізмунд Свянціцкі абараніў доктарскую дысертацыю, але перспектывы будучай навуковай кар’еры ўскладніліся сацыяльным напружаннем пасля паўстання 1863—1864 гадоў, праз што назаўсёды пакінуў сцены Акадэміі[2].
З 1870 года прызначаны старшым лекарам вайсковага шпіталя ў Мінску[1][2].
11 снежня 1879 года ў Мінску паводле ініцыятывы доктара медыцыны Сігізмунда Карлавіча Свянціцкага Мінскае таварыства ўрачоў на свае сродкі адкрыла бясплатную «лякарню для прыходных бедных хворых» — першую мінскую «паліклініку»[2]. Узначальваў лякарню Сігізмунд Свянціцкі, а яго памочнікам быў Іван Стржалка. Прыём вялі каля пятнаццаці ўрачоў і дзесяці фельчараў[2]. Гэта ўстанова была закрыта праз недахоп фінансавання ў 1881 годзе[3].
У 1860 годзе пазнаёміўся з дзевятнаццацігадовай Элізай Ажэшка, у часе студэнцкіх канікул. Эліза была ўжо замужняй жанчынай, але шлюб быў нешчаслівым. Сігізмунд, які ведаў сем моў, і Эліза, якая ведала чатыры, адчулі прыязнь адзін да аднаго, але ў хуткім часе сяброўства перарвалася доўгай навуковай камандзіроўкай Сігізмунда Свянціцкага ў Берлін і Вену. У часе разлукі Эліза Ажэшка прыняла актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года, у выніку чаго яе муж, хоць і не прымаў у паўстанні актыўнага ўдзелу, быў арыштаваны і сасланы ў Пермскую губерню, а яго маёнтак канфіскаваны[2].
Сама Эліза пераехала ў раскіданы бацькоўскі маёнтак Мількаўшчына на Гарадзеншчыне. У гэты цяжкі перыяд жыцця Сігізмунд адшукаў яе. Адзінай перашкодай для іх шлюбу заставалася замужжа Элізы. Яна пачала шлюбаразводны працэс, які запатрабаваў ўмяшання кансісторыі і зацягнуўся на некалькі гадоў. Муж Элізы ў гэты час вярнуўся з ссылкі і жыў у Варшаве, зарабляючы ўрокамі музыкі. У гэты час нешта здарылася паміж закаханымі, і шлюб не адбыўся[2].
Эліза Ажэшка ніколі не апавядала і не пісала пра адносіны са Свянціцкім, але існуе меркаванне, што ён з’яўляецца прататыпам галоўнага героя ў яе рамане «Апошняе каханне». Эліза Ажэшка і Сігізмунд Свянціцкі памерлі ў адзін год і адзін месяц з розніцай у тры дні. 22 мая 1910 года віленская газета «Kurier Litewski» змясціла на сваёй першай старонцы два некралогі. Адзін з іх паведамляў аб смерці Элізы Ажэшка, якая наступіла 18 мая 1910 года, другі — пра смерць Сігізмунда Свянціцкага, якая наступіла 21 мая таго ж года[2].
На вуліцы Леніна ў Мінску захаваўся дом № 13, які належаў Сігізмунду Свянціцкаму (узведзены ў пачатку ХХ ст. архітэктарам Генрыхам Гаем у стылі мадэрн), цяпер гэта гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[1].
Навуковая дзейнасць
Аўтар навуковых прац па пытаннях хірургіі. Дысертацыя — «Анатамічныя вышукі пра цягліцу, што сціскае мочаспускальны канал у мужчын» (1864). У 1874 годзе упершыню правёў аперацыю на плечавым суставе з прыдуманым ім «ушчамлявальным прыборам».
Акрамя хірургіі, ён займаўся пытаннямі эпідэміялогіі, тэрапіі, дэрматалогіі, курорталогіі, арганізацыі аховы здароўя, жыва адгукаўся на розныя вострыя сацыяльныя і медыцынскія праблемы[1]. У першы год свайго знаходжання ў Мінску прааналізаваў распаўсюджванне халеры ў горадзе, зразумеў, што немалаважную ролю ў гэтым адыгрываюць рэкі Свіслач і Няміга. Ён таксама заўважыў неўспрымальнасць некаторых асоб да захворвання, засяродзіў увагу на з’яве імунітэту, папярэдзіўшы тым самым з’яўленне імуналогіі[1].
23 лютага 1884 года Сігізмунд Свянціцкі далажыў Таварыству мінскіх урачоў аб паспяхова праведзенай (у снежні 1883) разам з Іванам Стржалкам аперацыі ліквідацыі пузырна-похвавага свіршча, які з’явіўся пасля працяглых і цяжкіх трэціх родаў[4].
Грамадская дзейнасць
Сябра Таварыства мінскіх ўрачоў (у 1873–1879 і ў 1883–1885 гадах яго прэзідэнт). У Мінску ў 1884 годзе паводле яго ініцыятывы арганізавана санітарная камісія змагання з халерай[1][5][6].
Кульпанович О. А. История медицины Беларуси в биографиях ее врачей XVII-1 пол. XX вв.: 2000 биографий врачей. Минск: Медисонт, 2011. — 462 с. — ISBN 978-985-6982-30-2(руск.)