Касцё́л Свято́га Міхаі́ла (колішні кальвінскі збор) у Смаргоні — выдатны помнік мураванай архітэктуры Беларусі эпохі Рэнесансу. Размяшчаецца ў цэнтры горада, на вул. Савецкай.
Гісторыя
1503 ці 1505 — узведзены драўляны касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі слонімскім старастам Юрыем Зяновічам.
1866—1918 — перададзены праваслаўным і перайменаваны ў Міхайлаўскую царкву. Аздобы касцёла былі ліквідаваны, фрэскі забелены, зроблены шатровы дах з макаўкай у рускім стылі. У час 1-й сусветнай вайны службы не адбываліся.
Храм у Смаргоні з'яўляецца выдатным помнікамі архітэктуры рэнесансу ў Беларусі XVI—XVII cтагоддзяў. Цэнтрычны васьмігранны храм мае крыху выцягнутыя па падоўжанай восі прапорцыі. Унутранае памяшканне перакрытае мураваным упрыгожаным фрэскамікупалам, які звонку накрыта шатровым дахам і прыхавана высокім атыкам. Да галоўнага фасада далучаецца двух'ярусная вежа-званіца, васьмярык на чацвярыку, завершаная шатровым дахам. У ніжнім ярусе вежы размяшчаецца ўваход у храм. На ўзроўні ніжняга яруса сцены пазбаўлены дэкору. Пластыку вызначаюць праёмы акон, плоскія нішы. Другі ярус аздоблены плоскімі арачнымі нішамі і арачнымі праёмамі ў гранях вежы. У месцы злучэння званіцы і асноўнага аб'ёму пастаўлена цыліндрычная вежачка з вітымі ўсходамі ўнутры. Надзвычай магутныя сцены храма прарэзаны выцягнутымі вокнамі з паўцыліндрычным завяршэннем. Над сценамі ўзвышаецца высокі рэнесансны атык.
Смарго́нскі ка́львінскі збор // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 674. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.