Найверагодней тапонім «Крэва» ўтварыўся ад рачной назвы тыпу літоўскага гідроніма Krevė (рака на поўначы ад літоўскіх Кейданаў)[3]. Такую назву магла мець крэўская рэчка, цяпер вядомая як «Крэўлянка».
Згодна з В. Жучкевічам, тапонім «Крэ́ва»[4] ўтварыўся ад назвы племянной супольнасці крывічоў[5]. Але паводле Е. Ахманскага, які грунтаваўся на звестках тапаніміі, літоўска-крывіцкая мяжа была не далей за Маладзечна[6], таму крывічы не маглі заснаваць Крэва, бо туды не даходзілі.
Гісторыя
Першыя пісьмовы згадкі пра Крэва як сталіцу Нальшанскай зямлі[7] змяшчаюцца ў нямецкай хроніцы і датуюцца XIII ст. З таго часу назва паселішча неаднаразова фіксуецца ў розных летапісах, дакументах і на мапах. У 1260-я гады Крэва далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV ст. яно зрабілася сталіцай Крэўскага княства, тут пабудаваны мураваны замак. У 1338 г. вялікі князь Гедзімін перадаў Крэва свайму сыну Альгерду, потым ім валодаў Ягайла.
У 1382 годзе па загаду Ягайлы ў Крэўскім замку забілі Кейстута, бацьку Вітаўта. 14 жніўня 1385 года тут адбылося падпісанне Крэўскай уніі. У 1387 годзе Ягайла заснаваў у Крэве адну з першых у Літве каталіцкіх парафій. У 1391 годзе загінуў апошні князь крэўскі Вігунд. У 1413 годзе мясцовасць увайшла ў склад Віленскага ваяводства[8].
Пра аўтахтонных жыхароў Крэва і іх антрапанімію ў другой палове XV ст. сведчыць Літоўская Метрыка, дзе, датаваны гэтым перыядам, ёсць запіс у кн. 3-й: «У Креве. Явоишу два ч(о)л(о)веки: Кгирятович а Билюс»[9]. Гэтыя «Гір’ятавіч і Білюс» мелі быць мясцовыя жыхары, якіх адпісвалі знатнаму баярыну «Явойшу». З імені па-бацьку «Кгирятович» паўстае балцка-літоўскае двухасноўнае імя Girjotas (значыць «Слаўны вершнік»), а прозвішча (ранейшае імя) Bilius засведчанае ў сучаснай літоўскай антрапаніміі[10].
З сярядзіны XV да 1-й паловы XVI стст. Крэва было сталіцай павета. Станам на 1551 год яно плаціла ў велікакняжацкі скарб мінімальную суму падаткаў — 5 коп грошаў[8].
7 красавіка 1559 года вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Крэву Магдэбургскае права, да канца XVIII ст. ужываўся герб: «у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога срэбная зорка»[11] (герб «Ляліва»). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мястэчка ўвайшло ў склад Ашмянскага павета. З 1636 года пры касцёле працавалі школа і бальніца.
У вайну 1654—1667 гадоў маскоўскія захопнікі спусташалі Крэва двойчы (у 1655 і 1659 гг.)[12]. Цягам XVIII ст. у мястэчку дзейнічалі 6 уніяцкіх цэркваў і 1 касцёл[12]. Паводле інвентару (1789), існавалі рынак (52 дамы, 2 карчмы), вуліцы Зарэцкая (56 дамоў), Пяскоўская (9 дамоў), Татарская (13 дамоў), Багданаўская (56 дамоў), Барунская (5 дамоў)[12]. У канцы XVIII ст. мястэчка карысталася пячаткай з гербам Ляліва.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Крэва апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У XIX — 1-й палове XX стст. паселішча было адным з найбуйнейшых цэнтраў вытворчасці керамікі. Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1866 годзе расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі мясцовы касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату. Паводле вынікаў перапісу (1897) у Крэве было 217 двароў, 2 царквы, сінагога, вучэльня, школа, 2 крамы, рэгулярна праводзілася 5 кірмашоў. У 1898 г. мястэчка наведаў мастак Фердынанд Рушчыц, які напісаў карціну «Крэва».
У Першую сусветную вайну каля Крэва праходзілася лінія фронту. 21 ліпеня 1917 г. у ходзе артылерыйскай атакі на нямецкія пазіцыі войскі Расійскай імперыі ўшчэнт разбурылі муры замка і касцёла.
У 1939 г. Крэва ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 г. зрабілася цэнтрам сельсавета Смаргонскага раёна. У 1998 годзе з мэтай спрыяння захаванню і адраджэнню Крэўскага замка ўтварыўся міжнародны фонд «Крэва».
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
↑A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. C. 165.
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
Крэва : гісторыя, археалогія, культурная спадчына : зборнік навуковых артыкулаў / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад., навук. рэд. А. I. Дзярновіч. — Мінск: Беларуская навука, 2021 . — 460 с.: іл. (Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі).
Крэва // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 405. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.