Мясцовая парафія заснавана ў 1994 годзе. У маі гэтага ж года вернікі ўсталявалі на ўездзе ў мікрараён Маладзёжны крыж і хутка збудавалі часовую капліцу, якая была асвечана 4 снежня. У чэрвені 1995 пачалі капаць катлаван пад фундамент будучай святыні ў стылі постмадэрнісцкіх трактовак неабарока. Касцёл пад тытулам Божай Міласэрнасці быў узведзены паводле праекта архітэктара Арманда Скаўроньскага і інжынера Гераніма Паўлоўскага з Зялёнай Гуры (Польшча).
15 красавіка 2007 г., у нядзелю Божай Міласэрнасці, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў касцёл.
Архітэктура
Касцёл уяўляе сабой асіметрычную трохнефную базіліку з трансептам (утвораны рознымі ў архітэктурным плане капліцамі), прамавугольнай апсідай з сегментарнай алтарнай сцяной, фланкаванай дзвюма сакрыстыямі. Правы вугал галоўнага фасада святыні адзначаны асіметрычнай велічнай трох’яруснай вежай-званіцай.
Інтэр’ер касцёла падзелены трыма парамі калон на тры нефы і завершаны бетоннымі перакрыццямі (плоскімі над цэнтральным нефам і схільнымі над бакавымі) на такіх жа бэльках. Святыню ўпрыгожваюць пяць алтароў. Галоўны алтар — тытульны, Божай Міласэрнасці (двух’ярусная неабарокавая кампазіцыя са штучнага мармуру на аснове спараных калон карынфскага ордэра), левы бакавы — св. Яна Хрысціцеля, правы — Укрыжавання; яшчэ два алтары змешчаны ў капліцах крылаў трансепта: злева — Маці Божай Вострабрамскай, справа — св. Юзафа. Над уваходам знаходзіцца паўкруглы балкон арганных хораў на дзвюх калонах.
Касцёльны ўчастак абнесены металічнай агароджай на цагляных атынкаваных слупках з трохпралётнай неа-барокавай уваходнай брамай. У касцёльны комплекс уваходзіць і дзвюхпавярховая каменная плябанія з каплічкай Маці Божай перад ёй.