Дрыгавічы́ (магчыма, што больш правільная форма назвы — драгавічы[1]; гістар. другувіты, драгувіты — відаць, патронім ад імя Дрыгавіт[1]) — усходнеславянскае этнапалітычнае аб’яднанне (саюз плямёнаў).
Лічыцца, што дрыгавічы мелі паўднёвае ці, магчыма, заходняе[1]:22 паходжанне. Магчыма, з’яўляюцца нашчадкамі насельніцтва зарубінецкай культуры. Першая згадка дрыгавічоў у летапісах змешчана ў недатаванай частцы «Аповесці мінулых гадоў», якая паведамляе пра рассяленне славян на Усходне-Еўрапейскай раўніне пасля іх прышэсця з Дуная:
а друзии седоша межю Припетью и Двыиною и нарекошася дреговичи[2]
У VI—VII стст. дрыгавічы масава рухаліся з поўдня на поўнач, асноўная іх частка асела на землях між Заходняй Дзвінойна поўначы і балоцістымі прасторамі на поўдзень ад Прыпяці (прыблізна па мяжы былых Мінскай і Валынскай губерняў[1]:23) на поўдні; між левым берагам Дняпра на поўнач ад упадзення ў яго Прыпяціна ўсходзе і ўмоўнай лініяй у былых Бельскім і Беластоцкім паветах на ўсход ад мазавецкага г. Візна на захадзе. На сваіх паўночнай і заходняй межах заселеныя імі землі ўзаемна перамешваліся з землямі крывічоў.
Паводле займаных рачных сістэм, адрозніваюцца дрыгавічы прыпяцкія, бярэзіна-друцкія, нёманскія, дзвінскія.
Дрыгавічы, відаць, досыць рана мелі князёў (македонскія дрыгавічы — 685[1]:43). На беларускіх землях мелі ўласнае дзяржаўнае ўтварэнне не пазней за X ст.[3]:62; на гэтай аснове склалася Тураўскае княства. Таксама да дрыгавіцкіх належалі Гарадзенская і Берасцейская землі; ужо ў XI—XII стст. раёны Берасця і Горадна адзначаліся суцэльна ўсходнеславянскім насельніцтвам[3]:71.
Іоў А. В.Дрыгавічы́ // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 287. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.