У 1760—1780-я гады забудоўвалася як галоўная вуліца каралеўскага прадмесця Гарадніцы. У гэты час вуліца мела назву Раскоша (ад назвы адной з гродзенскіх корчмаў). Іншыя назвы: Верцяліска, Езерска, Садовая, Басняцкая, Мураўёўская. У часы кіравання гродзенскага старосты А. Тызенгаўза тут былі пабудаваны першыя на Беларусі 20 тыпавых драўляных з мураванымі фасадамі жылых дамоў для рабочых каралеўскіх мануфактур (захаваўся адзін з іх — дом № 37, так званая «хатка майстра», 1771)[1], будынак медыцынскай школы (зараз адміністрацыйная ўстанова), корчмы, прымыкалі палац Тызенгаўза і батанічны сад.
У 1802 годзе Гарадніца была падпарадкавана гарадской юрысдыкцыі, але інтэнсіўна вуліца пачала забудоўвацца ў 1860—1880-я гады пасля пракладкі ў 1862 чыгункі Пецярбург — Варшава (звязала вакзал з цэнтрам і стала важнай гарадской магістраллю)[1].
У 1920 названа ў гонар польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, якая жыла тут з 1894 да 1910[1]. У 1930-я будаваліся 2—3-павярховыя каменныя дамы і аднапавярховыя драўляныя.