Белагаловае, Белагалоўе — возера ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці Беларусі ў басейне ракі Страча, за 25 у напрамку на паўночны захад ад горада Мядзел, за 6,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Канстанцінава, за 0,2 км на захад ад аўтамабільнай дарогі Р45.
Назва
Назва Белагалоўе балцкага паходжання.
Тыпалагічна можна суаднесці з двухасноўнай назвай ракі Балагалоўка (рус. Бологоловка), прытока верхняга цячэння сожскай ракі Віхра на Смаленшчыне. Першая аснова гэтай назвы — літоўскае balas, baltas «белы» (яно ж і ў балцкай назве ракі Балы на прыпяцкім правабярэжжы[3]). Другая аснова ад літоўскага galva «галава; перад, верх»[4].
Такога ж паходжання, ужо ў перакладным выглядзе, мяркуецца тапонім Белы Верх[5] (< *Bal(t)-, Gal(v)-) на Павоччы (на дамінуючым узвышшы, з якога расцякаюцца ў розныя бакі прытокі рэк Жыздра, Рэсята, Выцебець).
Назва возера Белагалоўе таксама найімаверней матываваная семантыкай рачных вярхоў. З яго выцякае пратока ў возера Вялікая Швакшта (цяпер Вялікія Швакшты), з якога пратока ў возера Малая Швакшта, а з яго — рака Страча.
Процілеглая, чым у назве возера Белагалоўе, «колеравая» семантыка ў назве іншага прытока возера Вялікая Швакшта ракі Едупа[6] (на яе вярхах паселішча Едупа, вядомае з такой назвай з 1472 года, сёння Ёдаўцы), ад літоўскага Juod-upė «Чорная рака» (juodas «чорны», upė «рака»).
Гідраграфія
Плошча паверхні возера 0,24 км². Даўжыня 0,7 км, найбольшая шырыня 0,5 км. Даўжыня берагавой лініі 1,82 км. Найбольшая глыбіня 2 м. Аб’ём вады ў возеры каля 0,2 млн м³.
Катлавіна возера рэшткавага тыпу. Схілы катлавіны забалочаныя. Вышыня схілаў складае 1—2 м. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі сплавінныя, забалочаныя. На захадзе ў Белагаловае ўпадае ручай. У паўночна-ўсходняй частцы выцякае ручай у возера Вялікія Швакшты[1][7].
У возеры водзяцца шчупак звычайны, акунь, лешч, плотка, укляя і іншыя віды рыб[7].
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі