Жыздра (руск.: Жиздра) — рака ў Калужскай вобласці Расіі, левы прыток Акі.
Назва
Назва Жыздра — адзін з найраней вызначаных балтызмаў на ўсходзе старабалцкай тэрыторыі[1].
Звязана з літоўскім žizdrà, žiezdrà «пясок; пясчынка; іскра», žiegždra «буйны пясок, жвір», прускім *zigzdā (> syxdo) «пясок».
Усе гэтыя словы паходзяць ад балцкага кораня *žid- / *žeid- «свяціць, блішчэць». Далей да індаеўрапейскага *ĝei- «ззяць; мігцець»[2].
Адзначаецца немалая колькасць малых прытокаў ракі Жыздры з назвамі тыпу «Пясочня», якія калькуюць балцкую «пясчаную» назву.
Гідранімічныя адпаведнікі — водныя назвы тыпу літоўскіх Žiezdras, Žiezdis, Žiezd-upis[3], прускага Syxdro (< Zigzdr-).
Назва «Жыздра» была і на тэрыторыі цяперашняй Беларусі: на «карце Шуберта» XIX стагоддзя так называлася вёска, цяпер не існая, якая лакалізуецца за ўсходняй канцавінай вёскі Юрчонкі ў басейне дзвінскай ракі Віцьбы. На картах першай паловы XX стагоддзя яна падпісаная ўжо як «Зездрына». Вёска Жыздра размяшчалася на вярхах ручая, што цёк у Віцьбу і, імаверна, так і называўся — «Жыздра».
Таго ж паходжання колішні тапонім Зездра лакалізуецца каля возера Лавацец (выток ракі Ловаці), цяпер адразу за сённяшняй беларуска-расійскай мяжой (70 км на поўнач ад падвіцебскай Жыздры).
Гідронім «Жыздра» з шэрагу балцкіх водных назваў, якія апісвалі фізічныя асаблівасці берагоў ці рэчышча. Такія таксама назвы рэк тыпу Стабна, Ашмяна, Молінка (у сувязі з прускім stabis, літоўскім akmuo «камень», molis «гліна»). Ім адпавядаюць пазнейшыя «перакладныя» назвы тыпу «Пясчанка», «Каменка», «Глінка».
Водаапісанне
Даўжыня — 223 км, плошча басейна — 9170 км².
Бярэ пачатак у балоцістай мясцовасці за 10 км на ўсход ад горада Людзінава, цячэ па Сярэднярускім узвышшы спачатку пераважна на поўдзень, затым у раёне горада Жыздры паварочвае на ўсход, а пасля Жыздры — на паўночны ўсход. Упадае ў Аку крыху вышэй вёскі Перамышль.
На рацэ гарады Жыздра, Казельск. Жыўленне снегавое і дажджавое. Сярэднегадавы расход вады — каля 35 м³/с (у раёне Казельска).
Крыніцы
- ↑ В. Н. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. II. Балто-славянские исследования. 1987. Москва, 1989. С. 47.
- ↑ S. Karaliūnas. Iš baltų kalbų puodininkystės terminijos istorijos // Lietuvių kalbotyros klausimai. XVI. 1975. С. 140—141.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 401, 402.