Барсело́на (катал.: Barcelona[bəɾsəˈɫonə], ісп.: Barcelona[baɾθeˈlona]) — горад на паўночным усходзе Іспаніі, у міжрэччы рэк Бесос і Льябрэгат, на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Адміністрацыйны цэнтр аўтаномнай вобласці Каталонія і правінцыі Барселона. Буйнейшы горад Каталоніі і другі пасля Мадрыда па колькасці жыхароў горад Іспаніі. Важны эканамічны і культурны цэнтр.
Тапаніміка
Першакрыніца назвы Барселона невядомая, наконт гэтага існуюць розныя тэорыі і інтэрпрэтацыі чытання. Назва горада ўзнікла магчыма з фінікійскай мовы як Баркэно (Barkeno). Маюцца сведкі на старажытнай манеце з надпісам рукапісным іберыйскім шрыфтам[A], што гучыць на старажытнагрэцкай як Βαρκινών, Barkinṓn.
Гісторыя
Горад быў заснаваны ў 3 стагоддзі да н. э. як рымская калонія, але паступова стала адным з буйных гандлёвых цэнтраў Серадземнага мора. Некаторы час горад належаў Карфагену, але пасля Другой Пунічнай вайны зноў увайшоў ў склад Рымскай імперыі. Пасля распаду Рымскай імперыі горад быў заваяваны ў 406 годзе вандаламі, а ў 416 годзе вестготамі, якія ўтварылі ў Іспаніі ўласную дзяржаву. Некаторы час Барселона была сталіцай гэтай дзяржавы.
У 712 годзе горад быў заваяваны маўрамі й каля стагоддзя знаходзіўся пад іх уладай. У 801 годзе быў заваяваны сынам Карла Вялікага — Людовікам і стаў сталіцай краіны, залежнай ад імперыі Карла Вялікага. З 874 да 1137 года Барселона была сталіцай незалежнага графства, а потым стала сталіцай Арагонскага каралеўства. Пасля аб’яднання Арагона з Кастыліяй горад перажываў заняпад.
Падчас вайны за іспанскую спадчыну 1705—1714 гадоў Барселона была занятая англійскімі войскамі. Падчас Напалеонаўскіх войнаў у Іспаніі вакол Барселоны адбылася некалькі буйных бітваў. Падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі горад быў цэнтрам рэспубліканскіх войскаў.
У ХХ стагоддзі Барселона перажыла буйное развіццё гандлю і прамысловасці. У наш час гэта сучасны горад, жыхары якога маюць высокі ўзровень жыцця.
У горадзе адбыліся Сусветныя выстаўкі ў 1888 і 1929. У час грамадзянскай вайны ў Барселоне знаходзіўся рэспубліканскі урад (1937-39). 3 1977 адміністрацыйны цэнтр аўтаномнай вобласці Каталонія. У Барселоне прайшлі XXV летнія Алімпійскія гульні 1992.
Барселона знаходзіцца ў зоне серадземнаморскага клімату, з цёплымі й вільготнымі зімамі й сухімі, спякотнымі летамі. Самыя нізкія тэмпературы назіраюцца ў студзені й лютым (+10 °C). Вельмі рэдка выпадае снег. Самымі спякотнымі месяцамі з’яўляюцца ліпень і жнівень, калі сярэдняя тэмпэратура сягае +30 °C (самая высокая зарэгістраваная тэмпература складае +38,6 °C).
У 1900 годзе колькасць насельніцтва складала 533 тыс. чалавек і хутка расла да 1950 года, калі ў Барселону прыяжджалі жыхары меней развітых раёнаў краіны. Самая высокая колькасць насельніцтва горада была ў 1979 годзе, калі тут жыло 1 906 998 чалавек.
Эканоміка
Барселона з’яўляецца адным з першых раёнаў Еўропы, дзе пачалася індустрыялізацыя (у канцы XVIII стагоддзя). У сярэдзіне ХІХ стагоддзя горад пераўтварыўся ў буйны цэнтр лёгкай прамысловасці і машынабудавання. Пасля гэтага прамысловасць грала асноўную ролю ў жыцці горада, але ў нашы дні абслугоўваючы сектар пачынае пераважаць над прамысловым. У наш час асноўнымі галінамі прамысловасці Барселоны з’яўляюцца лёгкая, хімічная, фармацэўтычная, аўтамабільная й электронная галіны. У Барселоне знаходзяцца аўтамабільныя заводы «SEAT», а таксама «Renault», «Peugeot» і «Ford».
Барселона кожны год прымае кірмаш «La Fira», таксама тут праводзяцца шматлікія міжнародныя эканамічныя форумы.
Прамысловасць
Асноўныя галіны прамысловасці: тэкстыльная, машынабудаванне (у т.л. аўта-, судна-, лакаматывабудаванне), хімічная, паліграфічная, цэментная, гарбарная, харчовая і інш. Праводзяцца міжнародныя гандлёва-прамысловыя кірмашы.
Стары і Новы гарады звязаны плошчаю Пласа дэ Каталунья, якая акружана фантанамі і скульптурнымі групамі (1927), з’яўляецца дзелавым цэнтрам Барселоны. Помнікі архітэктуры: раманская царква Сан-Пабла дэль Кампе (Х-ХІІІ ст.); гатычныя сабор (1298 — XV ст.); царква Санта-Марыя-дэль-Мар (1320-70); біржа (1380-92); судовая палата «Аўдыенсія» (XV ст.); барочная царква Нуэстра Сеньёра дэ Белен (1687—1729). У канцы XIX — пач. XX ст. Барселона — буйны цэнтр архітэктуры стылю мадэрн і авангардызму. Своеасаблівасць гораду надаюць мудрагелістыя пабудовы архітэктара Антоніа Гаўдзі (паркавы комплекс Гуэль, 1885-89; царква Саграда Фамілія, з 1884, не закончана; жылыя дамы Каса Бальё, 1905-07, і Каса Міла, 1905-10). Сучасныя пабудовы: аўтамабільны завод «SEAT», Дом гандлю, будынак Калегіі архітэктараў з фрызам па эскізах Пабла Пікаса.