У 1924 год. Ян Скрыган стаў супрацоўнікам слуцкай акруговай газеты «Вясковы будаўнік». Пасля ліквідацыі акругі і пераезду ў Расоны працаваў загадчыкам Народнага дома пры выканкоме, затым — у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына», дзе пазнаёміўся з П. Броўкам. У 1932 годзе закончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне БДУ. Быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Літаратурна-мастацкая камуна». Будучы студэнтам, займаўся грамадска-палітычнай работай: у 1929 годзе выязджаў у Магілёўскую вобласць на калектывізацыю, у 1930 годзе з брыгадай супрацоўнікаў газеты «Звязда» працаваў на Гомсельмашы па наладжванні сістэмнай арганізацыі заводскага жыцця, назіранні над якім перададзены ў кнігах нарысаў. У 1933—1936 гг. працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва».
13 лістапада 1936 года арыштаваны па абвінавачанні ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці» і прыгавораны да дзесяці гадоў пазбаўлення волі з высылкай у Сібір (Кемераўская вобласць). У 1946 годзе ён быў вызвалены, аднак пазбаўлены грамадзянскіх правоў на пяцігадовы тэрмін з забаронай вяртацца на радзіму. Працаваў на пасадзе бухгалтара на гідролізным заводзе ў Фергане. Пасля гэтай першай ссылкі працаваў галоўным бухгалтарам на сланцахімічным камбінаце ў горадзе Ківіылі ў Эстоніі, куды пераехаў, каб быць бліжэй да Беларусі. 25 чэрвеня 1949 года зноў арыштаваны і высланы ў Сібір, у Сухабузімскі раён, дзе працаваў бухгалтарам у райкамгасе і МТС.
У снежні 1954 года з Івана Аляксеевіча Скрыгана былі зняты ўсе абвінавачанні, ён быў поўнасцю рэабілітаваны і адноўлены ва ўсіх правах. Пасля вяртання ў Мінск пісьменнік актыўна ўключыўся ў літаратурную дзейнасць: працаваў рэдактарам у Дзяржвыдавецтве БССР, літкансультантам Саюза пісьменнікаў, рэдактарам і намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». Як добры знаўца мовы быў запрошаны галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя» П. Броўкам на пасаду загадчыка літаратурна-кантрольнай рэдакцыі (1967—1975). Працаваў адказным сакратаром камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1975—1985).
Дэбютаваў Ян Скрыган вершамі ў 1925 г. Творчы шлях Скрыгана-празаіка пачаўся з апавядання «Таіса» (1927) і аповесці «Затока ў бурах» (1929, дапрацоўвалася ў 1956 г.). Ян Скрыган адрозніваўся арыентаванасцю на традыцыю, вострым адчуваннем мовы, любасцю да роднага слова, імкненнем вучыцца, а не вучыць.
Ян Скрыган — адзін з першапраходцаў беларускага нарыса як новага літаратурнага жанру, і гэта малая форма стала ўзорам яго надзвычайна лінгвістычна багатай і глыбока нацыянальнай творчасці. У 1929 г. выходзіць у свет адзін з першых нарысаў — «Новая зямля», у хуткім часе з’яўляюцца зборнікі нарысаў — «Шугае сонца» (1930), «Права на энтузіязм» (1932), «Недапісаны профіль» (1932). Далейшая творчая дзейнасць пісьменніка знаходзіць працяг у зборніку апавяданняў «Сустрэчы» (1935), які характарызуецца выдатным валоданнем мовай, асабліва сваім родным слуцкім дыялектам, добрым адчуваннем часу, патрыятызмам, маральнымі прынцыпамі.
Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Апавяданні» (1956), «Наталя» (1957), «Няпрошаная сляза» (1958), «Скажы адно слова» (1961), «Свая аповесць» (1964), «Кругі» (выбранае, 1969), «Кругі» (аповесць з дасказамі, 1986).
Напісаў кнігі ўспамінаў, партрэтаў, нататак і артыкулаў па праблемах літаратурнага майстэрства і культуры мовы «Ранішнія росы» (1965), «Некалькі хвілін чужога жыцця» (1979, 1990). Пераклаў на беларускую мову кнігі і асобныя творы А. Астроўскага, М. Горкага, І. Буніна, Ф. Гладкова, К. Федзіна, І. Бабеля, а таксама ўкраінскіх, літоўскіх, латышскіх, эстонскіх (у т.л. Ф. Тугласа) пісьменнікаў.
Выкарыстоўваў псеўданімы: Аўлас, Відук, Я. Відук, Ян Відук, Дзед Аўлас (з П. Броўкам), Крушына, Я. Крушына, Пірат)
Скрыган Ян // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўн. : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 5. — С. 364—369.
Ян Скрыган // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : даведнік. — Мінск, 1994. — С. 501—502.
Скрыган Ян // Беларуская мова : энцыклапедыя. — Мінск, 1994. — С. 502—504.
Слова пра Яна Скрыгана : успаміны/ [прадм., уклад. Галіны Скрыган]. — Мінск : Беларускі кнігазбор, 2005. — 215 с., [4] л. іл.
Каваленка, В. А. Ян Скрыган / [В. А. Каваленка] // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. — Мінск, 2001. Т. 3. — С. 202—222.
Макмілін, А. Ян Скрыган / Арнольд Макмілін // Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя / Арнольд Макмілін. — Мінск, 2001. — С. 65—67. — (Беларускі кнігазбор).
Андраюк, С. Кругі жыцця / Серафім Андраюк // Пісьменнікі. Кнігі : літ.-крытыч. арт. / Серафім Андраюк. Мінск, 1997. — С. 259—263.
Шупенька, Г. «Гаворыце вы языком, а трэба — душою» : лёс і творчасць Яна Скрыгана / Генадзь Шупенька // Прага мастацкасці / Генадзь Шупенька. Мінск, 1996. — С. 453—459.
Каваленка, В. Лёс і творчасць : штрыхі да літ. партрэта Яна Скрыгана / Віктар Каваленка // Полымя. 2001. № 4. — С. 269—289.
Грахоўскі, С. Скрыганіяна / Сяргей Грахоўскі // Полымя. 1995. № 3. — С. 158—171.
Каўрус, А. Скрыганова поле / Алесь Каўрус // Полымя. 1993. № 10. — С. 239—247.
Казека, Я. Шукальнік скарбаў слова / Янка Казека // Полымя. 1997. № 12. — С. 196—200.
Дамашэвіч, У. Майстар — настаўнік / Уладзімір Дамашэвіч // ЛіМ. 2004. 8 кастр. (№ 40). — С. 14.
Марціновіч, А. Жыццё — зусім не чужое… / Алесь Марціновіч // Далучанасць / Алесь Марціновіч. Мінск, 1990. — С. 85—91.
Пра кнігу «Некалькі хвілін чужога жыцця».
Кузьміч, Н. Дом / Наталля Кузьміч // Першацвет. 1997. № 12. — С. 125—128.
Кузьміч, Н. Свой свет — свой стыль / Наталля Кузьміч // Полымя. 2005. № 1. — С. 206—215.
Вільтоўскі, В. Успамінаючы Яна Аляксеевіча Скрыгана / Васіль Вільтоўскі // ЛіМ. 2005. 1 крас. (№ 13). — С. 15.