Да 1264 года кіраваў пад заступніцтвам маці, удавы Маргрэтэ Памеранскай. У 1261 годзе армія караля была разбіта аб’яднанымі сіламі Шлезвіга і Гольштэйна пад кіраўніцтвам Якаба Эрландсена, з якім канфліктаваў яшчэ бацька Эрыка. Эрык і яго маці былі захоплены ў палон. У перыяд 1261—1262 знаходзіўся ў няволі ў Гольштэйне, пазней яго перавезлі ў Брандэнбург. У 1264 годзе быў вызвалены пры ўмяшанні Рымскага Папы і нямецкіх князёў.
Бесперапынная барацьба паміж Эрыкам і яго прыхільнікамі з аднаго боку і сям’ёй ранейшага караля Абеля з іншага вымусіла каралеву Маргрэтэ напісаць ліст Рымскаму Папе Урбану IV (каля 1262/1263) з просьбай дазволіць жанчыне атрымаць у спадчыну дацкі прастол, такім чынам даўшы шанец адной з сясцёр Эрыка стаць кіруючай каралевай Даніі ў выпадку смерці маладога караля (на той момант у яго не было дзяцей). Папа Рымскі, відаць, пагадзіўся, але падобны сцэнарый не быў рэалізаваны — прастол атрымаў у спадчыну сын Эрык, названы ў гонар дзядзькі Эрыка IV.
Эрык спрабаваў навязаць сваю ўладу царкве і знаці. Канфлікт з дваранствам для Эрыка вырашыўся ўдала. Пасля смерці свайго стрыечнага брата, герцага Шлезвіга, у 1272 годзе Эрык атрымаў кантроль над Шлезвігам, а ў 1276, насуперак пазіцыі магнатаў, абвясціў пераемнікам свайго сына Эрыка. Але ў 1282 годзе ён вымушаны прыняць пагадненне, якое абмежавала яго ўладу (дацк.: Håndfæstning — свайго роду дацкая Вялікая хартыя вольнасцей). Хартыя абавязвала караля склікаць штогадовы сход знаці і вышэйшага духавенства, абараняла дваран ад безпадстаўнага зняволення.
Эрык быў забіты 22 лістапада1286 года. Многія магутныя дваране на чале з маршалам Стыгам Андэрсанам Хвідам былі абвешчаны па-за законам. Ці сапраўды яны мелі якое-небудзь дачыненне да забойства ў маленькай вёсцы Фіндэруп (дацк.: Finderup) каля Вібарга, дагэтуль не вядома. Смерць караля азначала, што яны страцілі амаль усю ўладу і ўплыў, якія ім даравала хартыя 1282 года, бо новы кароль не быў звязаны гэтым пагадненнем. Забойства Эрыка, які быў заколаты ў сне, — сярэднявечная тайна, якая так і не была разгадана. Некаторыя гісторыкі паказвалі на герцага паўднёвай Ютландыі як на магчымага забойцу, але доказы гэтай версіі так і не былі выяўлены.
Мянушка караля
Паходжанне мянушкі караля «Кліпінг» (або «Гліпінг») спрэчнае. Самая распаўсюджаная версія — мянушка азначала сярэднявечную манету, якая стала «падрэзанай» і скарацілася пры дэвальвацыі. Папулярнае раней тлумачэнне, што Эрык часта міргаў (дацк.: glippe), цяпер не лічыцца агульнапрынятым.