Клуб быў створаны ў 1989 годзе пад назвай «Металург» пры падтрымцы тагачаснага дырэктара Маладзечанскага завода парашковай металургіі Генадзя Карпенкі. «Металург» адразу выйшаў у найвышэйшы дывізіён чэмпіянату БССР, а ў 1991 годзе стаў апошнім пераможцам Чэмпіянату і Кубка БССР.
У сезонах 2009—2011 каманда паказвала добрыя вынікі, але не змагла атрымаць павышэнне. У 2012 годзе праблемы з фінансаваннем прывялі да чарговага падзення ў ніжнюю частку табліцы.
У 2011 годзе клуб, які доўгі час быў вядомы пад назвай «Маладзечна», стаў менавацца «Забудова» — ад назвы спонсара. У 2013 годзе клуб зноў змяніў назву — на «Маладзечна-2013». За «Маладзечна-2013» сталі гуляць пераважна мінскія футбалісты, у той жа час у чэмпіянат вобласці была заяўлена каманда «Маладзечна-ДЮСШ-4» (фактычна фарм-клуб «Маладзечна-2013»), дзе гулялі маладыя выхаванцы маладзечанскага футбола.
2015 год
У лютым 2015 года стала вядома, што «Маладзечна-ДЮСШ-4» будзе выступаць у Другой лізе замест «Маладзечна-2013»[1]. Новая каманда стала выступаць значна паспяховей і адразу ўзначаліла табліцу групы А, дзе ў выніку перамагла. У фінальным этапе «Маладзечна-ДЮСШ-4» саступіла асноўным канкурэнтам і не здолела выйсці ў Першую лігу, заняўшы чацвёртае месца. Перад сезонам 2016 «Маладзечна-ДЮСШ-4» мела магчымасць заявіцца ў Першую лігу замест спыніўшых існаванне каманд, але адмовілася і працягнула выступы ў Другой лізе.
2016 год
У сезоне 2016 каманда доўгі час ішла на трэцім месцы, якое забяспечвала выхад у Першую лігу, але ў двух апошніх турах прайграла сваім асноўным канкурэнтам — «Клецку» і «Нёману-Агра» — і скончыла сезон на пятым месцы.
2017 год
У сезоне 2017 года маладзечанскі клуб стаў супрацоўнічаць з Андрэем Іваненкам, які раней працаваў з такімі клубамі, як «Рагачоў-МК» і «Крумкачы». Дзякуючы Іваненку каманду папоўніў шэраг ігракоў з вопытам выступаў у Вышэйшай лізе, былі арганізаваныя замежныя перадсезонныя зборы і інш. Аднак, у чэмпіянаце «Маладзечна-ДЮСШ-4» не здолела адолець асноўных канкурэнтаў і заняла выніковае шостае месца. Па заканчэнні сезону стала вядома, што маладзечанскі клуб спыняе супрацоўніцтва з Іваненкам.
2018 год
У сезоне 2018 каманда ў асноўным складалася з маладзечанскіх футбалістаў, да якіх дадалася невялікая колькасць запрошаных, сярод якіх вопытны Алег Страхановіч. Доўгі час «Маладзечна-ДЮСШ-4» ішло на апошнім месцы, першая перамога была атрымана толькі ў 13-м туры. Аднак, пазнейшыя поспехі дазволілі камандзе ўзняцца ў сярэдзіну табліцы і скончыць сезон на 9-м радку з 15.
2019 год
У сезоне 2019 каманда стала называцца «Маладзечна». Захаваўшы лідараў, маладзечанскі клуб умацаваўся шэрагам новых ігракоў, у тым ліку з вопытам выступлення ў Вышэйшай лізе. Стаўшы адным з фаварытаў, маладзечанскі клуб дзякуючы добра праведзенай другой палове сезона стаў трэцім, што ў сувязі са спыненнем існавання мінскага «Тарпеда» давала права на выхад у Першую лігу.
2020 год
У пачатку 2020 года доўгі час заставалася адкрытым пытанне аб удзеле «Маладзечна» ў Першай лізе. У сувязі з тым, што права ўдзельнічаць у Першай лізе таксама атрымаў і «Андэрдог» з Маладзечанскага раёна, у лютым з’явілася інфармацыя аб магчымым аб’яднанні «Андэрдога» з «Маладзечна», каб аб’яднаны клуб удзельнічаў у Першай лізе. Планавалася, што бюджэт будзе фарміравацца напалову з прыватнага капіталу ўласнікаў «Андэрдога», аднак пазней з-за рознагалоссяў «Андэрдог» увогуле зняўся са спаборніцтваў, а «Маладзечна» заявілася ў Другую лігу. Нягледзячы на дрэнны старт, «Маладзечна» з цягам часам захапіла лідарства ў сваёй групе і выйшла ў фінальны этап.
У фінальным этапе Другой лігі маладзечанская каманда заняла трэцяе месца і атрымала права на стыкавыя матчы супраць светлагорскага «Хіміка» за месца ў Першай лізе на наступны сезон, але саступіла (0:0, 0:4) і засталася ў Другой лізе.
2021 год
У пачатку сезона 2021 фан-рух адмовіўся падтрымліваць «Маладзечна», пакуль у краіне працягваюцца палітычныя судовыя справы, збіццё і забойства людей за ўласныя меркаванні[3].
Маладзечанскі клуб добра ўзмацніўся і здолеў перамагчы ў Мінскім дывізіёне Другой лігі, аднак у плэй-оф выбыў з далейшай барацьбы ўжо на стадыі 1/8 фіналу, саступіўшы па пенальці мінскаму БДУ (0:0, 0:0, пен. 1:4).
У Першай лізе
У студзені 2022 года ў выніку недахопу каманд для Першай лігі АБФФ прапанавала «Маладзечна» месца ў другім дывізіёне[4]. У лютым 2022 года клуб падаў дакументы для праходжання ліцэнзавання для ўдзелу ў Першай лізе. «Маладзечна» стала серадняком турніру і завяршыла сезон на 8-м месцы з 13. Сезон 2023 «Маладзечна» таксама правяло перважна ў сярэдзіне табліцы і фінішавала на 11-м месцы з 17.