Сезон 2013 «Хваля» пачала выдатна, атрымаўшы на старце 5 перамог запар. Пасля першага круга каманда ішла на чацвёртым месцы. Але ў другім крузе вынікі пайшлі на спад. Каманда выдала дзесяціматчавую серыю без перамог. Нягледзячы на тое, што серыя была перарвана ў апошнім туры перамогай над «Віцебскам» (1:0), «Хваля» скончыла сезон толькі на 12-м месцы, што стала найгоршым вынікам з 2006 года.
2014
Перад пачаткам сезона 2014 «Хваля» страціла сваіх лідараў, замест якіх у каманду вярнуўся шэраг вопытных гульцоў-пінчан, таксама ў каманду прыйшлі маладыя ігракі з іншых клубаў. У выніку, каманда з самага пачатку турніру апынулася ў канцы табліцы, доўгі час «Хваля» змагалася за выжыванне (Першую лігу ў сезоне 2014 пакідаў адзін клуб) са «Слонімам». Цяжкім ударам для пінчукоў стала смерць брамніка Мікалая Адамца ў верасні 2014 года. У кастрычніку 2014 года, пасля ўдалай серыі «Слоніма», «Хваля» замацавалася на апошнім радку і ўжо за некалькі тураў да канца страціла шанцы застацца ў другім дывізіёне.
2015
У сезоне 2015 «Хвалю» прадстаўлялі ў асноўным уласныя выхаванцы. Камандзе ставілася задача вярнуцца ў Першую лігу, але гульня ў чэмпіянаце ішла не найлепшым чынам — пінчукі саступілі сваім асноўным канкурэнтам. У ліпені 2015 года Вадзіма Бяленку на трэнерскім мастку замяніў Сяргей Шульжык, аднак ён не здолеў выправіць сітуацыю. Толькі ў канцы турніру каманда стала рэгулярна атрымоўваць перамогі, аднак гэта не выратавала яе ад пятага месца і непападання нават у фінальны этап.
2016
Перад сезонам 2016 камандзе была пастаўлена мэта вярнуцца ў Першую лігу. «Хваля» была яўным фаварытам чэмпіянату і ў выніку ўпэўнена атрымала перамогу ў Другой лізе, забяспечыўшы першае месца за некалькі тураў да фінішу.
2017
Пасля выхаду ў Першую лігу каманда захавала асноўных ігракоў, да якіх далучыўся шэраг навабранцаў з вопытам выступлення ў Вышэйшай лізе. У сезоне 2017 каманда амаль адразу замацавалася ў цэнтры табліцы, у выніку скончыла сезон на сёмым месцы.
2018
Сезон 2018 атрымаўся для «Хвалі» няўдалым, каманда хутка апынулася ў ніжняй частцы табліцы. У ліпені Сяргей Шульжык падаў у адстаўку, аднак пры новым трэнеры Віталі Кірылку сітуацыя не змянілася, і каманда скончыла сезон на 13-м месцы з 15.
2019
У пачатку 2019 года каманду ўзначаліў Алег Кароль, які прывёў шмат ігракоў са свайго былога клуба, «Слоніма-2017». Каманда ставіла мэты заняць месца ў верхняй палове табліцы, спачатку «Хваля» ішла ў сярэдзіне табліцы, але хутка шэраг няўдач адкінуў яе бліжэй да зоны вылету. У верасні Кароль пакінуў каманду, на яго месца быў прызначаны Вадзім Бяленка, аднак істотна гэта сітуацыю не выправіла, пінская каманда скончыла сезон на 12-м месцы.
2020-я
У 2020 годзе каманду папоўніла шмат ігракоў з вопытам выступу ў Вышэйшай лізе. Большую частку сезона «Хваля» знходзілася ў сярэдзіне табліцы і, нягледзячы на няўдалы фініш турніру (ніводнай перамогі ў васьмі апошніх матчах), заняла выніковае дзявятае месца.
У пачатку 2021 года новым галоўным трэнерам стаў пінчанін Сяргей Ясковіч, які перад гэтым паспяхова ўзначальваў дзяржынскі «Арсенал». Каманда працягвала ўзмацоўвацца вопытнымі ігракамі, што прынесла плён — «Хваля» хутка замацавалася ў верхняй палове табліцы і часам прэтэндавала на прызавыя месцы. Толькі па выніках апошняга тура пінская каманда страціла шанцы на выхад у Вышэйшую лігу, фінішаваўшы чацвёртай. У сезоне 2022 «Хваля» лічылася адным з фаварытаў і добра пачала, але пасля пайшлі няўдачы. Нягледзячы на шэраг перамог над канкурэнтамі, паражэнні працягваліся, і неўзабаве пінская каманда апусцілася ў сярэдзіну табліцы. «Хваля» яшчэ магла змагацца за выхад у Вышэйшую лігу, але няўдалы фініш пакінуў каманду на сёмым месцы. У сезоне 2023 «Хваля» пераважна знаходзілася ў сярэдзіне табліцы і скончыла чэмпіянат на восьмым месцы з 17.