З роду Нарбутаў. Скончыў Віленскі ўніверсітэт (1803). Вучыўся ў Пецярбургскім кадэцкім корпусе. Удзельнічаў у расійска-пруска-французскай (1806—1807) і расійска-шведскай (1808—1809) войнах; капітан, ваенны інжынер. Удзельнічаў у праектаванні і будаўніцтве Бабруйскай крэпасці. З 1812 у адстаўцы. Жыў у сваім маёнтку, даследаваў гісторыю ВКЛ, праводзіў археалагічныя раскопкі. Найбольш значны яго твор — «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1-9, 1835—1841), дзе, разам з іншым, апісаны народныя абрады беларусаў Лідчыны. Друкаваўся ў газеце «Kurier Wileński» («Виленский вестник»). Арыштаваны ў сувязі з падзеямі паўстання 1863—1864 гадоў.
Тэадор Нарбут першы на Беларусі даў вызначэнне курганам як месцам старажытных пахаванняў. Вёў раскопкі ў Падняпроўі, пазней — на радзіме. У 1820 адкрыў ямнае пахаванне непадалёку ад в. Шаўры Лідскага пав. Апісаў руіны крэпасці на Нёмане каля в. Лыскава Гродзенскага пав. Сцвярджаў, што дрыгавічы невядомага паходжання жылі каля Кіева. Памылкова адносіў ятвягаў да скіфскіх плямён. Геральдыку Беларусі не лічыў старажытнай, бо аналагічная існавала і ў суседніх народаў. Даследаваў Лідскі замак. Збіраў і вывучаў помнікі археаграфіі. Аўтар «Гісторыі літоўскага народа» (т. 1-9, 1835—1841; давёў падзеі да 1569), у 1-м томе якой змясціў табліцу сваіх знаходак. Увёў у навуковы ўжытак «Хроніку Быхаўца» (1846). Меў багатую калекцыю археалагічных матэрыялаў. Апублікаваў шэраг артыкулаў пра Ліду, Навагрудак, Індуру інш. Займаўся пытаннямі старажытнай міфалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі.
У сваіх творах выкарыстоўваў часам крыніцы, якія паводле меркавання сучасных даследчыкаў не існавалі і былі выдуманыя самім Нарбутам. Найбольш вядомая з падобных «уяўных крыніц» — Раўданская хроніка.[3]
Узнагароды
Кавалер ордэна св. Уладзіміра 4 ступені;
Кавалер ордэна св. Ганны 4 ступені;
Кавалер ордэна св. Ганны 2-й ступені (за будаўніцтва крэпасці ў Бабруйску ў 1809 г.);
Памятная пячатка цара Мікалая I за літаратурныя творы.
Бібліяграфія
O kurhanach: Badanie starożytności Litewskich // Tygodnik Wileński. 1818. Т. 7, № 123.
Pomniki do dziejów litewskich… Wilno, 1846.
Pomniejsze pisma historyczne, szczególnie do historii Litwy odnoszące się. Wilno, 1856.
Семянчук А. Тэадор Нарбут — гісторык Вялікага Княства Літоўскага і Браслаўшчыны // Браслаўскія чытанні. Матэрыялы VІ-й навуковай канферэнцыі, прысвечанай 150-й гадавіне з дня нараджэння браслаўскага лекара, грамадзскага дзеяча Стніслава Нарбута.- Браслаў, 2003.
Улащик Н. Н. предисловие к: Хроника Быховца. М. Наука. 1966.
Каханоўскі Г. А.На́рбут Тэадор (Фёдар Яўхімавіч) // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 516. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.