Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і Міхаіла Паўлавіча Некрашэвіча, які займаўся сельскай гаспадаркай, і яго жонкі Евы Дзмітрыеўны. Сястра Ганна, па мужу Акановіч, у наступным была настаўніцай у Нью-Ёрку, ЗША. Род Некрашэвічаў (герба «Любіч») вядомы з XVII стагоддзя і паходзіць са Слуцкага княства[2].
З восені 1917 года — у Адэсе. Загадчык беларускай секцыі пры губернскім аддзеле народнай асветы, у выніку працы якой у Адэсе напачатку 1918 навучальнага года былі адчынены 30 пачатковых беларускіх школ і змешаная беларуская гімназія ў складзе першых чатырох класаў (навучаліся дзеці ўцекачоў з прыфрантавых тэрыторый Беларусі).
Пасля абвяшчэння БНР у 1918 годзе — прадстаўнік яе ўрада на Поўдні Украіны і ў зносінах з французскім камандаваннем Антанты. Быў прыхільнікам фарміравання беларускай арміі для барацьбы з бальшавікамі. Старшыня Беларускага нацыянальнага цэнтра, які быў створаны 13 студзеня1919 года. Адначасова вучыўся ў Адэскім вышэйшым міжнародным інстытуце.
У студзені1921 года на сходзе работнікаў асветы і культуры прапанаваў у дакладзе стварыць інстытут, які займаўся б вывучэннем беларускай культуры. Удзельнічаў у арганізацыі Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт), у 1922—1925 — яго першы старшыня.
У 1926—1928 гадах — старшыня Аддзела гуманітарных навук і старшыня слоўнікавай камісіі Інбелкульта. Адначасова ў 1923—1925 гадах — выкладчык беларусазнаўства на медыцынскім факультэце, з 1927 года — дацэнт педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Уваходзіў ва ўрадавую камісію па рэарганізацыі Інбелкульта ў Акадэмію навук. З 1928 года — акадэмік, віцэ-прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук (БелАН), адначасова з 1929 года — дырэктар Інстытута мовазнаўства БелАН, старшыня камісіі па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы, старшыня правапіснай і аспіранцкай камісій. З 1 студзеня 1928 года — старшыня Галоўнавукі пры Народным камісарыяце асветы БССР. У 1927—1931 гадах быў абраны ў Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР.
21 ліпеня1930 года арыштаваны Дзяржаўным палітычным упраўленнем (ДПУ) БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка1931 года пастановай калегіі Аб’яднанага ДПУ СССР прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў горадзе Сарапул (Удмурція, Расія); у 1936 годзе тэрмін высылкі прадоўжаны на 2 гады. Працаваў планавіком-эканамістам кааператыўна-прамысловай арцелі інвалідаў, затым — бухгалтарам канторы «Нарыхтзерне» (руск.: «Заготзерно»). Паўторна арыштаваны ў лістападзе1937 года, дастаўлены ў Мінск, 19 снежня 1937 года Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР прыгавораны да расстрэлу.
Асноўныя кірункі навуковых даследаванняў С. Некрашэвіча — лексікаграфія, правапіс, дыялекталогія і гісторыя беларускай мовы. Апублікаваў больш за 30 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфіі і слоўнікі. Распрацаваў тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэння дыялекталагічных слоўнікаў беларускай мовы. Аўтар першага паслярэвалюцыйнага «Беларускага лемантара» (1922 г., 6-е выданне — 1929), школьнай чытанкі «Роднае слова» (1923, 4 выданне — 1925), суаўтар буквара для ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых «Наша сіла — ніва і машына» (1925).
Найважнейшыя працы ў галіне лексікаграфіі — «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925), «Расійска-беларускі слоўнік» (1928, абодва — разам з М. Я. Байковым); «Праграма для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моў» (1927, разам з П. А. Бузуком).
Працы ў галіне гісторыі беларускай мовы: "Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты «О ўставах манастирских» (1928); «Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад Евангелля на беларускую мову і мова перакладу» (не апубл.).
Унёскам у развіццё беларускага мовазнаўства былі і іншыя навуковыя публікацыі: «Правапіс спрэчных дзеяслоўных форм» (1922), «Да пытання аб укладанні слоўніка жывой беларускай мовы» (1925); «Да пытання пашырэння акання на чужаземныя словы» (1926), «Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкагараёна» (1929), «Праект беларускага правапісу» (1930), даклады на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 г. «Сучасны стан вывучэння беларускай мовы» і «Да пытання аб рэформе нашага правапісу» (1927). Стану культуры і навукі ў Беларусі ў 1920-я гг. прысвечаны артыкулы «Становішча культурна-асветных устаноў Беларусі пры непе» (1924), «Да пяцігадовага плана навукова-даследчай працы БССР» (1928).
Ушанаванне памяці
У Данілоўцы на месцы былога фальварка Некрашэвічаў усталяваны памятны знак (1993 г.)[3]. У 1998 годзе ў будынку ў Мінску, дзе знаходзіўся Інстытут беларускай культуры, усталявалі мемарыяльную шыльду з імёнамі выдатных навукоўцаў, сярод якіх — С. Некрашэвіч. У Светлагорску ў гарадской карціннай галерэі «Традыцыя» імя Г. Пранішнікава ёсць партрэт «Сцяпан Некрашэвіч» (1992, мастак А. Марачкін, Мінск) і эскіз помніка (2007, скульптар Э. Астаф’еў, Мінск). Да 125-годдзя з дня народзінаў С. Некрашэвіча Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выдала мастацкі маркіраваны канверт, увод у выкарыстанне — 8 мая 2008 года.
Асноўныя публікацыі
Праграма для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моў. — Мн., 1927 (з П. А. Бузуком).
Расійска-беларускі слоўнік. — Мн.: Бел. Дзярж. выд-ва, 1928 (з М. Я. Байковым).
Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёна. — Мн., 1929.
Беларуска-расійскі слоўнік. Мн.: Народная асвета, 1993 (з М. Я. Байковым).
Сучасны стан вывучэння беларускай мовы // Спадчына. 1993. № 2. — С. 86—95.
Выбраныя навуковыя працы акадэміка С. М. Некрашэвіча. — Мн.: Беларуская навука, 2004.
Галерэя
1924. С. Некрашэвіч — у другім шэрагу трэці злева.
↑Віктараў Т. Юбілей трэба адзначыць // Светлагорскія навіны. 1992. 9 снежня. — С. 2.
Літаратура
Некрашэвіч Сцяпан Міхайлавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 534. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Расторгуев П. А. О программе по белорусской диалектологии. Рец. на кн.: Некрашэвіч С., Бузук П. Программа для збірання асаблівасцяй беларускіх гаворак і гаворак пераходных да суседніх моў. — Мінск, 1927 / Известия по русскому языку и словесности Академии наук СССР. Т. I. — Л., 1928. — С. 602—605.
Германовіч І. К. Аб навуковай дзейнасці С. М. Некрашэвіча // Веснік БДУ. Сер. 4. 1972. № 3.
Іофе Э. «Той самы Некрашэвіч…» // Полымя. 1991. № 6. — С. 130—134.
Віктараў Т. Юбілей трэба адзначыць // Светлагорскія навіны. 1992. 9 снежня. — С. 2.
Шчэрбін В. Ён мог стаць беларускім Далем // Роднае слова. 1995. № 2. — С. 36—42.
Шчэрбін В. Ідэалам навукі не здрадзіў // Роднае слова. 1995. № 4. С. 52—58, № 5. С. 45—49.
Іофе Э. Першы старшыня Інбелкульта // Спадчына. 1995. № 6. — С. 54—78.