У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Станкевіч .
Станіслаў Іосіфавіч Станкевіч (23 лютага 1907 , в. Арляняты , Ашмянскі павет , цяпер Смаргонскі раён — 6 лістапада 1980 ) — беларускі грамадскі дзеяч , літаратуразнавец , крытык , публіцыст . Псеўданімы: Алесь Крыга, Дзівасіл, С. Крушыніч, А. Скіба, Алесь Скіба, Раман Шарупіч ; крыптонімы: Ст. Ст., Др. Ст. Ст.
Біяграфія
Паходзіць са знакамітага ў беларускім руху роду Станкевічаў, пляменнік Яна Станкевіча па матчынай лініі.
Станіслаў Станкевіч разам з Мікалаем Шчорсам і Наталляй Арсенневай падчас шпацыру па вуліцы Вільні . Другая палова 1930-х гг.
Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназііі . Скончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя (1933), абараніў магістарскую дысертацыю «Беларуская стыхія ў творах Элізы Ажэшкі». У 1936 годзе набыў годнасць доктара філасофіі ў галіне польскай і славянскай літаратуры за даследаванне «Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі». Састаяў у Беларускім студэнцкім саюзе .
Адзін з кіраўнікоў Таварыства прыяцеляў беларусаведы , рэдактар часопіса «Студэнцкая думка ». Выкладаў у Віленскім універсітэце, у 1937—1938 гадах працаваў у Югаславіі і Балгарыі . У перыяд акупацыі Беларусі быў бургамістрам Барысаўскай акругі, акруговым намеснікам Беларускай цэнтральнай рады ў Баранавічах . З лета 1944 года — у Германіі. У пачатку 1945 года рэдактар газеты «Раніца » (выдавалася ў Берліне ), быў першым старшынёй «Антыбальшавіцкага блоку народаў » (1946). Садзейнічаў адкрыццю філіяла Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Мюнхене , выданню часопіса «Запісы », быў яго рэдактарам. Працаваў у беларускай рэдакцыі радыёстанцыі «Свабода» , Інстытуце вывучэння СССР (Мюнхен). З 1962 года жыў у ЗША . Старшыня Беларуска-амерыканскага задзіночання (1963—1965). Рэдактар газеты «Беларус » (1963—1980). Аўтар кнігі «Беларуская падсавецкая літаратура першай палавіны 1960-х гг.» (1967).
Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі (ЗША )[ 3] .
Бібліяграфія
Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу. Мн., 1994;
Янка Купала // Спадчына. 1998. № 3;
Беларускія элемэнты ў польскай рамантычнай паэзіі // Спадчына. 1998. № 5-6; 1999. № 1-2, 4.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі