Смілавіцкая сядзіба — палацава-паркавы комплекс Манюшкаў у СмілавічахЧэрвеньскага раёна. Помнік архітэктуры ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў псеўдагатычнага і неагатычнага стылявых кірункаў з элементамі мадэрнізму. Пабудаваны на месцы замку XVI ст. Уключаў два палацы, шэраг пабудоў, парк пейзажнага тыпу (збярогся часткова).
Будаўніцтва палацу вялося Станіславам Манюшкам (дзедам вядомага кампазітара) і яго сынамі. Казімір Манюшка заклаў батанічны і пладовы сады. Будаўніцтва комплексу было завершана Лявонціем Ваньковічам, жанатым з Паўлінай Манюшкай.
Архітэктура
Стары палац
Палац складаецца з 2 мураваных карпусоў, пабудаваных у розны час і аб’яднаных паміж сабой невялікім аб’ёмам, у якім размяшчалася аранжарэя. У палацы (не збярогся) быў зімовы сад, багаты архіў (зберагліся дакументы Агінскіх, Манюшкаў, Ваньковічаў), вялікая бібліятэка і карцінная галерэя, у складзе якой быў вядомы партрэтА. Міцкевіча (мастак В. Ваньковіч). Цяпер ён захоўваецца ў Варшаве, у Нацыянальным музеі.
Стары корпус быў пабудаваны ў пачатку XIX ст. у стылі псеўдаготыкі. Прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак накрыты двухсхільным дахам. Фасады падзелены міжпавярховым карнізам. З боку галоўнага фасада да будынка прымыкае магутная, квадратная ў плане трохпавярховая вежа, завершаная зубцамі. Ніжні ярус вежы, дзе зроблены ўваход, мае апрацоўку рустам. Вокны маюць маляўнічае абрамленне.
У 1900 годзе да паўночна-ўсходняга крыла корпуса была зроблена двухпавярховая прыбудова з драўлянай галерэяй па другім паверсе. Планіроўка анфіладная. Перакрыцці плоскія, за выключэннем некалькіх памяшканняў на першым паверсе, якія маюць цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі. У вежы размешчана трохмаршавая лесвіца.
Новы палац
У 1900-я гады да старога корпуса далучаны новы, у стылі неаготыкі з элементамі стылю «мадэрн».
Будынак у плане двухпавярховы, выцягнуты, асіметрычны, ускладнены пяціграннымі эркерам, завершаны двухсхільным дахамі. Уваход размешчаны ў заходняй частцы. На паркавым фасадзе трохпавярховы вежападобны аб’ём. Уваход на галоўным фасадзе вылучаны трохпавярховым рызалітам з дзвюма фланкіруючымі гранёнымі вежачкамі, завершанымі невысокімі шатрамі і шпілямі. Вежа паркавага фасада ўпрыгожаная рустам, валютамі, складаным абрамленнем акна трэцяга ярусу, завершаная атыкам, зубцамі (накшталт старажытных абарончых вежаў). Інтэр’ер палацу быў аздоблены размалёўкай.
У 1973 годзе паводле праекта рэканструкцыі (Беларускі навукова-даследчы і праектны інстытут па будаўніцтве ў вёсцы) да ўвахода ў новы корпус прыбудаваны вестыбюль з гардэробам, з усходняга боку — лесвічная клетка.
У будынку новага палаца размяшчаўся сельскагаспадарчы каледж, зараз яно выкуплена прыватным інвестарам і добраўпарадкоўваецца. Адносна старая частка палаца, збудаваная Станіславам Манюшкам, цяпер занядбана.
Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.