У сувязі з падзеямі паўстання 1863 года царызм адводзіў вялікую ролю ў далейшай русіфікацыі краяправаслаўнай царкве. На яе падтрымку было накіравана 10 % ад кошту ўсяе канфіскаванай маёмасці ўдзельнікаў паўстання. Ва ўсіх губернскіх і павятовых мястэчках былі створаны камітэты па будаўніцтве праваслаўных цэркваў. У Пружанах ён быў арганізаваны ў 1865 годзе на чале з кіраўніком горада і павета капітанам Элісам.
Вырашана было будаваць царкву ў гонар нябёснага абаронцы РасііСвятога Аляксандра Неўскага як падзяку расійскаму імператару Аляксандру II за скасаванне прыгоннага права і паншчыны. Праект стварыў гарадзенскі губернскі архітэктар Міхайлоўскі, які карыстаўся альбомам праектаў Свяцейшага Сінода. У 1864 годзе першую цагліну ў падмурак храма паклаў у дзень святых Пятра і Паўла брэсцкі епіскап, вікарый Літоўскай епархіі Ігнацій (Жалязоўскі).
Цэгла на будаўніцтва паступала бясплатна з канфіскаванага ў Валенція Швыкоўскага цагельнага завода ў Палянове, а таксама з недабудаванага касцёла. Сродкі на будоўлю збіраліся па ўсёй імперыі, а кожны сялянскі двор Пружаншчыны мусіў здаць на пабудову па 50 капеек і на адзін дзень выдзеліць на дапамогу мужчыну.
Званы для сабора былі прывезены з заводу пецярбургскага купца Пікіева. Рызніца, посуд, кнігі і іншае царкоўнае начынне падараваны маскоўскім купецтвам.
Адкрыццё храма было запланавана на верасень 1866 года да дня памяці Аляксандра Неўскага, аднак неспадзяванка змусіла перанесці ўрачыстасць на месяц: падчас транспартавання быў пашкоджаны іканастас, зроблены ў Пецярбургу, і праз шчыліны ў яго трапіла вада, таму яго давялося наноў склейваць і пакрываць пазалотай[1].
Па нямецка-савецкай вайне быў распрацаваны план забудовы Пружан, паводле якога непасрэдна ля сабора было запланавана ўзвядзенне пяціпавярховае жылое хаты. У гэтым разе вернікі былі б пазбаўленыя царкоўнага пагосту, а храм быў бы заслонены пабудовай. Супрацьстаянне вернікаў пабудове цягнулася месяц: на званіцы сабора дзяжурыла прыхаджанка Марыя Мардань, якая пачынала званіць, ледзь заўважыўшы набліжэнне будаўнічае тэхнікі. На заклік з усіх канцоў горада сыходзіўся праваслаўны люд, не даючы пачаць будаўніцтва, падаючы нават пад коўш экскаватара. Урэшце рэшт будаўніцтва жылога дома пачалося па-за межамі царкоўнага двара[1].
У 1990-я гады жыццё парафіі актывізавалася, адбыўся маштабны рамонт царквы, пабудаваная нядзельная школа, паўстаў новы чыгунны плот.
Ад студзеня 2006 года ў саборы знаходзіцца частка мошчаў дабравернага князя Аляксандра Неўскага[2].
Званіца з 9 званамі заводу пецярбургскага купца Пікіева завяршаецца купалам з навершнікам. У XXI стагоддзі — вышынная дамінанта старое часткі горада.
Ваконныя і дзвярныя праёмы з паўцыркульнымі арачнымі заканчэннямі маюць кілепадобныя абоймы.
Зала падзеленая 6 квадратнымі ў плане слупамі на 3 нефы. Цэнтральны неф, перакрыты цыліндрычным зводам, падоўжаны паўкруглай апсідай з іканастасам, спраектаваным у 1880 годзе архітэктарам Залатаровым. Бакавыя нефы перакрытыя крыжовымі зводамі.
↑Святыни Брестской епархии(руск.). Русский православный календарь. Приход Свято-Петропавловского собора г. Минска (29 лістапада 2011). Праверана 14 мая 2012.
↑Священник Собора Св. Александра Невского иерей Игорь, Мрыхин. История православной церкви г. Пружаны(руск.). Средняя школа №3 г. Пружаны (28 лістапада 2001). Праверана 31 кастрычніка 2011.
↑Евгений Днепровский.. Красный псаломщик(руск.). Гістарычная брама №1 (25) 2010 (11 студзеня 2012).
Літаратура
Архітэктурныя помнікі Пружаншчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 36—37.
Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область / Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 424 с. — ISBN 5-85700-017-3.
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Пружанскі сабо Аляксандра Неўскага // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 601. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.