Пабудаваны ў 1864—1868 гадах з цэглы ў гонар адмены прыгоннага права, на месцы брацкай магілы рускіх салдат, якія загінулі ў бітве пад Кобрынам 15 ліпеня 1812 года. Да закрыцця храма ў 1963 годзе на фасадзе былі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі з надпісам: «Под сенью сего святого храма покоятся кости русских воинов-героев, павших в Кобринском бою 15 июля 1812 года; Сей святой храм сооружен в память освобождения крестьян от крепостной зависимости 19 февраля 1861 года»[1].
Сабор пабудаваны на сродкі, сабраныя ў выглядзе кантрыбуцыі з удзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў. Праект і каштарыс будынка складзены губернскім архітэктарам Іванам Калянкевічам і ўхвалены ў 1864 годзе[2].
У 1960-я гады сабор закрыты і прыстасаваны пад філіял Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці. У 1989 годзе вернуты праваслаўнай абшчыне, 12 верасня 1990 года, у дзень памяці Аляксандра Неўскага, паўторна асвячоны. Адрэстаўрыраваны ў 1990—1993 гадах.
Побач з саборам знаходзіцца манумент у памяць бою пад Кобрынам 1812 года. Настаяцель прыхода — протаіерэй Сергій Утрата[3].
Галоўны ўваход аформлены накладным магутным парталам, вылучаным накладным несапраўдным порцікам з лучковым франтонам, які абапіраецца на дзве плоскія пілястры. Над дзвярным прамавгольным праёмам — вялікае паўцыркульнае акно.
Інтэр’ер
У інтэр’еры вялізны асветлены аб’ём прытвора злучаны з трапезнай шырокім праёмам. Цэнтральная частка раскрыта арачнымі праёмамі ў трапезную, бакавыя нефы і алтарную частку. Сяродкрыжжа перакрыта купалам на ветразях, астатнія памяшканні — цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках.
У саборы быў мясцовашанаваны абраз «Маці Божая», перанесены са старажытнай кобрынскай Свята-Прачысценскай царквы.
↑А. М. Кулагін. Свята-Аляксандра-Неўскі сабор // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раёна // рэд. Г. П. Пашкоў. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 624 с. ISBN 985-6302-44-7
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.