Рэйнская правінцыя (ням.: Rheinprovinz), таксама Рэйнланд (ням.: Rheinland) — пруская правінцыя, якая існавала з 1822 па 1945 гады. Была створана шляхам зліцця двух правінцый Ніжні Рэйн і Юліх-Клевэ-Берг, якія праіснавалі толькі нядоўгі час. Сталіца — горад Кобленц. Сёння большая частка былой Рэйнскай правінцыі ўваходзіць у землі Паўночны Рэйн-Вестфалія, Рэйнланд-Пфальц і Саар.
Гісторыя
Рэарганізацыя прускіх правінцый
У 1815 годзе па выніках Венскага кангрэса пасля заканчэння вызваленчых войнаў тэрыторыі Рэйнскай вобласці патрапілі пад кантроль Прусіі. У 1815/1816 гадах для лепшай арганізацыі значна дзяржавы, якая значана павялічылася па памеры, у Прусіі была праведзена адміністрацыйная рэформа, якая прадугледжвала поўную перабудову правінцыйнага падзелу і заснаванне пасады обер-прэзідэнта ў правінцыях. Сярод дзесяці новых правінцый на Рэйне былі створаны правінцыі Ніжні Рэйн са сталіцай у Кобленцы і Юліх-Клевэ-Берг са сталіцай у Кёльне. Аднак ужо ў чэрвені 1822 года абедзве рэйнскія правінцыі былі аб'яднаны ў адзіную Рэйнскую правінцыю. Уключэнне гэтай тэрыторыі ў прускую дзяржаву праходзіла павольна і праблематычна з прычыны ўведзенага тут раней напалеонаўскага цывільнага і гандлёвага права, якое паспела ўмацаваць свае пазіцыі. Акрамя таго, у адрозненне ад іншых прускіх правінцый, Рэйнская вобласць адрознівалася больш высокім узроўнем урбанізацыі, а сярод яго насельніцтва пераважалі каталікі.
Акрамя таго, Рэйнская правінцыя часткова абслугоўвала адміністрацыйныя справы акругі Зігмарынген, якая фармальна не ўваходзіць ні ў якую правінцыю і падпарадкоўвалася непасрэдна міністэрствам у Берліне[2].
Большая частка Рэйнскай правінцыі на працягу 1918—1930 гадоў знаходзілася пад акупацыяй Францыі, Брытаніі, Бельгіі і ЗША[3].
1 жніўня 1929 года была праведзена адміністрацыйная рэформа ў рэйнска-вестфальскім рэгіёне, у час якой таксама адбыўся невялікі абмен прыгранічнымі тэрыторыямі паміж Рэйнскай правінцыяй і правінцыяй Вестфалія. У прыватнасці ў Рэйнскую правінцыю быў перададзены горад Остэрфельд, які адначасова быў уключаны ў склад буйнейшага Обергаўзена[4].
Указам ад 1 кастрычніка 1932 года быў праведзены абмен эксклавамі паміж некалькімі прускімі правінцыямі. У прыватнасці, раён Ветцлар быў парададзены з акругі Кобленц Рэйнскай правінцыі ў склад акругі Вісбадэн правінцыі Гесэн-Насау[4].
Трэці рэйх
Пасля вяртання Саара пад кантроль нацысцкай Германіі ў 1935 годзе гэта тэрыторыя не была зноў далучана да Рэйнскай вобласці, а захавала асобы статус пад назвай Саарланд і кіравалася адмысловым рэйхскамісарам, функцыю якога выконваў гаўляйтар партыйнага гау Саар-Пфальц. У будучым планавалася стварэнне новага рэйхсгауВестмарк, куды ўвайшлі б таксама акупаваныя французскія тэрыторыі, аднак гэтыя планы так і не былі рэалізаваныя.
Пасля вайны
Пасля 1945 года тэрыторыя Рэйнскай правінцыі была падзелена на дзве акупацыйныя зоны. Акруга Аахен, Дзюсельдорф і Кёльн апынуліся ў брытанскай, а Кобленц і Трыр — у французскай зонах. Пасля доўгіх дэбатаў аб магчымасці стварэння новай незалежнай дзяржавы Rhenania на тэрыторыі былых Рэйнскай правінцыі і правінцыі Вестфалія, а таксама Саарскай вобласці, гэта ідэя ўсё ж была адхілена. Таксама была адхілена і ідэя міжнароднага чатырохбаковага кантролю над Рэйнскай вобласцю, з прычыны таго, што амерыканцы не жадалі дапусціць кантролю Савецкага саюза над Рурам. Нарэшце, 21 чэрвеня 1946 года ў Лондане было прынята рашэнне аб стварэнні ў межах брытанскай зоны новага адміністрацыйнага ўтварэння — зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія, у якую ўвайшла тэрыторыя былой правінцыі Вестфалія і паўночная частка Рэйнскай правінцыі[5].
Французская акупацыйная зона не мела аднароднай структуры і складалася з дробных прускіх, баварскіх і гесэнскіх «рэштак». Гэтая тэрыторыя першапачаткова была арганізавана ў адміністрацыйнае ўтварэнне Сярэдні Рэйн-Саар, аднак яшчэ ў 1945 годзе была рэарганізавана ў Рэйнланд-Гесэн-Насау. Сюды акрамя паўднёвай часткі былой Рэйнскай правінцыі таксама ўваходзіла і частка тэрыторыі правінцыі Насау. У гэты ж час на астатняй пад французскім кантролем тэрыторыі было створана адміністрацыйнае ўтварэнне Гесэн-Пфальц. Пасля доўгіх спрэчак пра лёс рэгіёна ў Парыжы 30 жніўня 1946 года было прынята рашэнне аб стварэнні зямлі Рэйнланд-Пфальц[5]. Саар да 1 студзеня 1957 года заставаўся пад французскім пратэктаратам, пасля чаго ўвайшоў у склад ФРГ у якасці асобнай федэральнай зямлі.
Геаграфія і эканоміка
Тэрыторыя правінцыі размяшчалася ў паўднёвай палове ў гарыстай мясцовасці, большай часткай пакрытай лесам, а ў паўночнай частцы — на ўрадлівай раўніне. Асноўная рака правінцыі — Рэйн, які праходзіў па тэрыторыі рэгіёна на працягу 335 км, і яго прытокі: Сайн, Від, Зіг, Вупер, Рур, Эмер, Ліпэ, Нагэ, Мозель, Нетэ, Ар і Эрфт, a таксама прытокі Мозеля і Мааса. З азёр найбольш значнымі з'яўляліся Лаахскае, на Эйфелі[6].
На тэрыторыі правінцыі былі значна развіты садаводства, агародніцтва і вінаробства (у далінах). Вырошчваліся жыта, пшаніца, ячмень, бульба, авёс. У той жа час вытворчасць хлеба была недастатковай для патрэбнасцей насельніцтва рэгіёна. З прамысловых раслін апрацоўваліся цукровы бурак, тытунь, хмель, лён, пянька і рапс. Была развіта жывёлагадоўля, у тым ліку гадоўля буйной рагатай жывёлы, авечак, свіней і коней[6].
Галоўным багаццем правінцыі былі мінеральныя прадукты, здабываліся каменны і буры вугаль, жалезныя, цынкавыя, свінцовыя, медныя і марганцавыя руды, гіпс, дахавы сланец, базальт і інш. Па апрацоўчай прамысловасці Рэйнская правінцыя займала першае месца сярод усіх прускіх правінцый. Тут выпускаліся чыгун, свінец, цынк, срэбра, Галоўныя пункты чыгуна- і сталеліцейнай вытворчасці знаходзіліся ў Эсэне, Обергаўзене, Дуйсбургу, Дзюсельдорфе, Кёльне, Дойцы, Эшвайлеры і Нойнкірхене. Правінцыя славілася сваімі стальнымі вырабамі, вытворчасцю бляхі, іголак, шарсцяных вырабаў, шаўковых, паўшаўковых, баваўняных і льняных тканін, скуры, шкляных вырабаў, фаянсавага посуду, кафлі, мазаікі і г.д. У рэгіёне актыўна развіваўся гандаль, якому спрыяла густая сетка вадзяных і рэйкавых шляхоў зносін. Галоўныя гандлёвыя цэнтры размяшчаліся ў гарадах: Кёльн, Кобленц, Мюльгайм, Дзюсельдорф, Дуйсбург, Рурарт і Везель[6].
У 1895 годзе ў правінцыі пражывала 2 698 549 жыхароў, з іх 2 496 337 пратэстантаў і 187 559 каталікоў. Таксама меліся і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій (6492 чалавек) і яўрэі (7850 чалавек). Пераважную большасць насельніцтва складалі немцы[6].
Тэрыторыя і насельніцтва Рэйнскай правінцыі ў 1900 годзе:[7]
Рэлігійны склад насельніцтва ў 1925 годзе: 66,8 % — каталікі; 30,1 % — пратэстанты; 0,1 % — іншыя хрысціянскія канфесіі; 0,8 % — яўрэі; 2,2 % — іншыя канфесіі[4].
Плошча і колькасць насельніцтва правінцыі і асобных яе адміністрацыйных акруг станам на 17 мая 1939 года ў межах на 1 студзеня 1941 года і колькасць раёнаў на 1 студзеня 1941 года (пасля анексіі Усходняй Бельгіі):[1]
Размеркаванне насельніцтва па розных тыпах населеных пунктаў у залежнасці ад іх велічыні па агульнай колькасці жыхароў, паводле даных перапісу насельніцтва 1925 года[4] і станам на 17 мая 1939 года[1]:
Год
Доля насельніцтва па катэгорыях населеных пунктаў па колькасці жыхароў
меней 2.000 жыхароў
2.000 — 100.000 жыхароў
больш 100.000 жыхароў
1925
18,0 %
40,8 %
41,2 %
1939
15,2 %
34,9 %
49,9 %
Найбуйнейшымі гарадамі Рэйнскай правінцыі з'яўляліся (паводле даных 1925 года):[4]
У 1929 годзе гарады Бармен, Эльберфельд і яшчэ некалькі драбнейшых гарадоў і паселішчаў былі аб'яднаны ў новы горад Вуперталь, а горад Хамбарн уключаны ў склад Дуйсбурга.
Обер-прэзідэнты
Пасада обер-прэзідэнта ўведзены ў Прусіі паводле ўказа ад 30 красавіка 1815 года аб паляпшэннм арганізацыі правінцыйнага кіравання (ням.: Verordnung wegen verbesserter Einrichtung der Provinzial-Behörden). У 1822 годзе аб'яднаную правінцыю ўзначаліў дзеючы обер-прэзідэнт правінцыі Ніжні Рэйн.